Што чакае беларусаў у Польшчы?



Што матывуе беларусаў пераязджаць у Польшчу? Што з працай у час COVID-19? Чым адрозніваюцца ўмовы працы? Якія дыпломы неабходна пацвярджаць?

На пытанні адказаў „Госць Рацыі” Яўген Шатэрнік, які жыве ў Варшаве.

РР: Як даўно вы пераехалі ў Польшчу? Якой была ваша матывацыя?

– У Польшчу я прыехаў у ліпеня 2017 года. Матывацыя, якая была, проста хацеў штосьці змяніць у сваім жыцці, вось і ўсё, такая была матывацыя. Я не хацеў ехаць за вялікім рублём, проста хацелася штосьці змяніць у сваім жыцці. Я хацеў вывучыць польскую мову. 

РР: У Польшчу вы ехалі з ведамі польскай мовы?

– Азы польскай мовы я ведаў. Мой узровень быў А1, а больш дасканала я мову вучыў тут на месцы ў Варшаве. Мову я ведаў, мог спакойна размаўляць з палякамі, з працадаўцамі. 

РР: Чаму вы абралі менавіта Польшчу для пераезду?

– Мая маці полька па нацыянальнасці, увогуле ў Беларусі шмат палякаў жыве, гэта этнічная меншасць. Была магчымасць зрабіць сабе Карту паляка, якая дае магчымасць атрымаць бясплатную нацыянальную візу, якая дае магчымасць жыць у Польшчы і працаваць. Я выбраў Польшчу, бо гэта самая блізкая краіна, на мой погляд, для Беларусі. Польскі народ – гэта сапраўдны брацкі народ, не расейскі, а менавіта польскі. Калі я ўжо пачаў тут жыць, то я ў гэтым толькі пераканаўся.

РР: Якія пытанні вы вывучалі перш, чым ехаць у Польшчу?

– У мяне была нацыянальная гадавая віза. Па-першае, я глядзеў, якія заробкі ў Польшчы і ці ёсць тут праца для мяне. Аказалася, што працы тут хапае. Калі я ўжо прыехаў у Польшчы, то на месцы пачаў вырашаць усе гэтыя пытанні. Я не ехаў, як некаторыя людзі шукалі працу праз агенцтва па працаўладкаванню. Я сабраў сваю валізку, заплечнік, грошы і прыехаў у Варшаву. На месцы пачаў шукаць жыллё і працу. Галоўныя пытанні на якія я хацеў атрымаць адказы – гэта ці ёсць тут праца для мяне і якія тут заробкі. Калі ты прыязджаеш у краіну, дзе заробкі такія самыя ці меншыя, то які сэнс з’язджаць у гэтую краіну. 

РР: У якой сферы вы занятыя? Якія вакансіі ёсць?

– У Польшчы знайсці сабе працу значна прасцей. У Беларусі значна цяжэй знайсці працу. Палякі не глядзяць, якая ў цябе адукацыя, палякі глядзяць на тое, як ты выконваеш сваю працу. Кожны чалавек можа працаваць абсалютна ў любой галіне, можа акрамя медыцыны і такіх спецыяльнасцяў. Зараз я працую адміністратарам у гатэлі, хіба буду працягваць працаваць у гэтай галіне. Хаця калі я ехаў у Польшчу, то ў мяне былі зусім іншыя планы, хацеў працаваць у службе бяспекі аэрапорту. Але такая сітуацыя, што на такіх пасадах мусяць працаваць людзі з польскім грамадзянствам, а ў мяне яго не было. 

Яўген Шатэрнік рэкамендуе загадзя рыхтавацца да пераезду ў Польшчу, калі гэта звязана з эканамічнымі прычынамі. Калі прычына палітычная, то адразу пасля прыезду вучыць мову.

Беларускае Радыё Рацыя