Паўла Севярынца ў турме прызналі „схільным да нападу на адміністрацыю”
Паўла Севярынца ў турме прызналі „схільным да нападу на адміністрацыю”, паведаміла яго жонка Вольга Севярынец.
„Цяпер усе перамяшчэнні па турме ў кайданках. Нічога нечаканага, але прыемнага мала”, — напісала жонка палітыка ў „Фэйсбуку”.
Яна таксама паведаміла, што падчас праверак, калі трэба назваць сваё імя і артыкул, Павел кажа: „Незаконна асуджаны Севярынец”, за што яму пагражаюць карцарам.
Севярынец, паводле слоў яго жонкі, знаходзіцца за кратамі ўжо 347 дзён.
Раней Севярынца прызналі схільным да экстрэмізму.
12 траўня ў Магілёве пачаўся суд над Севярынцам, які з`яўляецца сустаршынёй аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, а таксама актывістамі грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Дзмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам і блогерам Ірынай Шчаснай. Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. У Магілёўскім абласным судзе растлумачылі, што справу вырашылі разглядаць на закрытым пасяджэнні, бо „матэрыялы адносяцца да таямніцы”, якая „ахоўваецца законам”.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года каля свайго дома ў Мінску неўзабаве пасля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.
21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.