Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі: Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі



Улады Беларусі павінны спыніць рэпрэсіі, гаворыцца ў заяве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Дамініка Рааба ў сувязі з чарговай хваляй пераследу журналістаў у Беларусі.

„Крыміналізацыя галасоў апазіцыі і незалежных СМІ ў Беларусі хутчэй падсілкоўвае, чым душыць прагу народа да дэмакратыі і свабоды”, — адзначыў Рааб.

Ён заклікаў беларускія ўлады „вызваліць усіх затрыманых паводле палітычных матываў і ўступіць у канструктыўны дыялог”.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). На сцвярджэнне ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Пра гэта была праінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by заблакаваны згодна з рашэннем Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры. „Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах змяшчаецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — растлумачыў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

Затрыманыя супрацоўнікі tut.by: галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, рэдактар Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, юрыст Кацярына Ткачэнка.

Акрамя таго, дагэтуль ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.