Небяспека пажараў на Палессі
На Берасцейшчыне ў Пінскім, Столінскім і Лунінецкім раёнах склалася небяспечная сітуацыя з-за спальвання сухой травы. У ваколіцах Пінска і Століна гарыць трава і дробныя хмызнякі, час ад часу пах смогу дасягае гарадоў.
З-за гэта ў Лунінецкім раёне забаронена наведваць лясы і паліць сухую траву і смецце. У Пінскім і Столінскім раёне выратавальнікі сумесна з праваахоўнікамі і лясгасамі пачалі праводзіць адмысловыя рэйды па выяўленні веснавых палаў.
Акрамя шкоды наваколлю наносіцца шкода здароўю грамадзян, адзначае супрацоўнік пінскай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Аляксей Федзіч:
– Утвараецца смог з непрыемным, задушлівым пахам. Ствараецца дымавая заслона над населенымі пунктамі. І ўсім гэтым мы дыхаем. Паступае шмат скаргаў, тэлефанаванняў ад свядомых грамадзян пра веснавыя палы і непрыманне мераў да тых, хто парушае закон. Адміністрацыйным кодэксам за гэта прадугледжана пакаранне.
За выпальванне сухой травы прадугледжаны штраф да 8 мільёнаў беларускіх рублёў з фізічнай асобы, а за парушэнне закона прадпрыемствам альбо арганізацыяй, кіраўніцтва можа панесці крымінальную адказнасць.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота mpsc.ru