Пра забарону на спевы



“Спявалі песні. Было сядзенне на лесвіцы”, – так гаворыць сведка і прарэктар Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Павал Маркаўцан пра акцыі пратэсту студэнтаў увосень 2020. І падобных акцый ён налічыў 16. У Доме правасуддзя вось ужо некалькі дзён адбываецца працэс па справе студэнтаў.

Прарэктар Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта па выхаваўчай працы распавёў усю праўду пра пратэсты. Маўляў, спявалі, сядзелі на лесвіцы, а потым, самае страшэннае, яшчэ і маўчалі. Уяўляеце, як яны пасмелі сядзець на лесвіцы?! А яшчэ і песні спяваць! Гэта ж такое злачынства: спяваць і сядзець на лесвіцы. А потым яшчэ сядзелі і маўчалі. З гэтым, канешне, нельга мірыцца. Сведка Павал Маркаўцан палічыў, што сядзець і маўчаць – гэта парушэнне парадку ва ўніверсітэце. Вось трэба ў статуце ўніверсітэта абавязкова запісаць: сядзець і маўчаць – забаронена. А тое прыдумалі: маўчаць. Не дзеля таго ўніверсітэт ствараўся, каб там сядзець на лесвіцы і маўчаць. Прычым падчас перапынку. Трэба навіны дзяржаўныя чытаць, беларускае ТВ глядзець, абмяркоўваць правільны шлях беларускай дзяржавы. А яны прыдумалі: маўчаць. Падчас такога маўчання невядома пра што яны думаюць. Гэта ж адныя прыклад пададуць маўчаць на перапынку, а потым увесь універсітэт будзе маўчаць на перапынку. Цяпер выхаванне мусіць быць пабудаванае на трох пастулатах: не сядзець, не маўчаць і не спяваць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ