Справа „Прэс-клуба»: больш пытанняў, чым адказаў
Здаецца, фігуранты справы „Прэс-клуба Беларусь» проста сядзяць за кратамі, з імі не адбываецца ніякіх следчых дзеянняў. 22 снежня па гэтай справе затрымалі 5 супрацоўнікаў установы, сярод іх – заснавальніца Юлія Слуцкая і яе сын Пётр, супрацоўнік “Прэс-клуба”.
Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у вялікім памеры. І гэта справа вельмі падобная да справы tut.by. Якія навіны з-за кратаў ад Юліі Слуцкай і Пятра, расказвае сённяшняя “Госця Рацыі” – Аляксандра Слуцкая – дачка заснавальніцы “Прэс-клуба”:
– Вынікаў падатковай праверкі дасюль няма. Хаця па законе яна павінна быць праведзена на працягу аднаго месяца. Але яе проста прыпынілі. Следчых дзеянняў з удзелам мамы і брата і астатніх калег не праводзіцца. То бок, не адбываецца нічога, яны проста сядзяць.
РР: Атрымліваецца, што следства зацягваецца наўмысна?
Аляксандра Слуцкая: Так. Хадайніцтва пра змену меры стрымання адхіленае, зразумела. Адвакат раз на тыдзень наведвае маму і дзякуючы гэтаму я ведаю, што яна больш-менш нармальна сябе адчувае. Хоць у яе моцна пагоршыўся зрок і яна не можа пісаць лісты. У яе кашаль, які не спыняецца. Яўна ад цыгарэт, бо ўсе жанчыны ў камеры, акрамя мамы, паляць. Вось такі “ЗЛЖ” атрымліваецца – рухацца нельга, паліць – можна. Карысную ежу перадаваць нельга, шкодную – можна.
РР: Зміцер Дашкевіч, напрыклад, у нашым эфіры расказваў, што там адмысловыя ўмовы для палітвязняў ствараюцца. Ці ёсць у вас інфармацыя, што неяк адмыслова ставяцца да людзей, якія сядзяць па палітычных матывах, чым да іншых?
Аляксандра Слуцкая: Не ведаю наколькі гэта звязана са статусам палітвязня, але быў момант, калі маму нечакана перавялі ў другую камеру. Яна была транзітная, вельмі брудная, па сценах сцякала вада і наўпрост ля ўзгалоўя нараў была чорная цвіль. Пры гэтым выцяжкі былі запаяныя. Сукамерніцамі былі наркаманка, якая ўсю ноч гарлапаніла, другая міма туалета „хадзіла”, была жанчына з цяжкай формай псарыязу. Прасядзела мама ў гэтай камеры дзесьці пяць ці шэсць дзён, а пасля яе вярнулі назад у камеру. Што гэта было, – мы не разумеем. Мама жартавала, што яе туды адправілі як „носьбіта турэмнага досьведу”. Але, як расказвала мама, паўсюль – людзі. І добрыя, і дрэнныя.
РР: Ваша мама сядзіць у адной камеры з Анжалікай Борыс. Агнешка Рамашэўска-Гузы, дырэктарка “Белсату”, расказвала, што Анжаліцы Борыс прапаноўвалі дэпартацыю.
Аляксандра Слуцкая: Так, яе вазілі ў Следчы камітэт на сустрэчу з консулам. І прапанавалі дэпартацыю. Але яна адмовілася.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: reform.by