Журналіста Арцёма Маёрава арыштавалі на 15 сутак
Суд Маскоўскага раёна Менска 21 траўня арыштаваў карэспандэнта штотыднёвіка „Белорусы и рынок” Арцёма Маёрава на 15 сутак, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Суд пачаўся напярэдадні вечарам, вынясенне рашэння прызначылі на раніцу 21 траўня.
Маёрава судзілі паводле ч. 1 арт. 17 КоАП (дробнае хуліганства). Справу разгледзела суддзя Таццяна Мотыль.
Журналіст быў затрыманы 18 траўня ў будынку, дзе знаходзіцца рэдакцыя партала tut.by. У пратаколе сказана, што міліцыянер заўважыў Маёрава і хацеў паклікаць яго на прафілактычную гутарку. Журналіст у адказ нібыта пачаў лаяцца і размахваць рукамі. Маёрава затрымалі і адправілі ў ізалятар у 1-м завулку Акрэсціна.