Абсурдная ініцыятыва ад ГУБАЗіК



Часта прыхільнікі пераменаў ігнаруюць дзяржаўную прэсу, пазбягаючы таксічнага кантэнту. А дарма. Час ад часу ў галоўных прапагандысцкіх выданнях краіны публікуюцца праграмныя матэрыялы, змест і танальнасць якіх дазваляюць рабіць прагнозы адносна тых ці іншых аспектаў жыцця ў бліжэйшай будучыні. Так, флагманскае прапагандысцкае выданне “СБ” апублікавала інтэрв’ю з адным з кіраўнікоў адыёзнай структуры ГУБАЗіК, якая цягам апошняга году выйшла на першыя пазіцыі ў справе пераследу апанентаў улады, адцясніўшы канкурэнтаў з КДБ, ААЦ і іншыя арганізацыі з сілавога блоку. Гэтае інтэрв’ю не нясе вялікага інфарматыўнага зместу. Яго месыдж нібыта скіраваны да кіраўніка дзяржавы, якому ўвесь час спрабуюць давесці, наколькі патрэбнай справай займаецца дадзенае падраздзяленне МУС. Але на адным акцэнце ўсё-такі варта засяродзіцца. Герой матэрыяла, палкоўнік Бедункевіч, заявіў, што ў бліжэйшы час яго структура “будзе выступаць з ініцыятывай па ўключэнні ў спіс нацыстоўскай сімволікі бел-чырвона-белага сцяга, які выкарыстоўваўся ўсімі калабарацыянісцкімі арганізацыямі на тэрыторыі БССР у гады акупацыі”. Такім чынам, знайшлася структура, якая бярэ на сябе адказнасць па фактычнай забароне на заканадаўчым узроўні нацыянальнага сімвалу беларусаў. Адметна, што за амаль чвэрць стагоддзя палітычнага супрацьстаяння папярэднікаў цяперашніх міліцыянтаў, якія займаюцца “барацьбой з арганізаваным злачынствам”, не знайшлося нікога, хто прапаноўваў бы падобную абсурдную ідэю. І вось, у рэаліях 2021 года, такія людзі знайшліся.

Чаму міліцыянты актыўна прасоўваюць ідэю забароны бел-чырвона-белага сцягу? На гэта ёсць тры галоўныя прычыны. Па-першае, дзяржаўная ідэалогія на фоне падзей апошняга году паказала сваю нямогласць. У канкурэнцыі ідэй альтэрнатыўнага развіцця краіны яўна прайграла пазіцыя “ўтрымання ўлады любой цаной”. Тады лаялісты ў чарговы раз вярнуліся да тэмы ІІ Сусветнай вайны як ідэалагічнага апірышча ў змаганні з апазіцыяй, вобраз якой яны кінуліся расчалавечваць з дапамогай з параўнаннямі з нацыстоўскімі памагатымі. Па-другое, самім супрацоўнікам уладаахоўных органаў, нягледзячы на шматлікія заявы, яўна не хапае ўпэўненасці ў сваёй рацыі. З кожным днём міліцэйскаму начальству ўсё складаней тлумачыць сваім падначаленым, чаму неабходна затрымліваць грамадзянаў за бел-чырвона-белыя шкарпэткі альбо за сняжынкі на акне палітычных колераў. Гэта значыць, забарона бел-чырвона-белага сцягу нібыта павінна канчаткова пазбавіць людзей у форме хімеры пад назвай сумленне. Па-трэцяе, нельга выключаць фактар звычайнага кар’ерызму. Варта звярнуць увагу на структуру, якая прапаноўвае забарону нацыянальнага сцяга. Відавочна, унутры сілавога блоку такая ініцыятыўнасць палепшыць пазіцыі арганізацыі, якая першай агучыла прапанову.

Імкненне забараніць сімволіку, якая з’яўляецца каштоўнасцю для вялікай колькасці беларусаў, пад якой у 1990-я гады прымалі прысягу вайскоўцы, якая фігуруе на дакументах дзяржаўнага ўзору – гэта, мякка кажучы, нерацыянальная ідэя. Мала таго, што гэта справакуе новы этап вострага супрацьстаяння, дык канчаткова сакралізуе бел-чырвона-белы сцяг у вачах абсалютнай большасці. Няцяжка спрагназаваць, што пасля падзення рэжыму, які наступіць у любым разе (пытанне толькі ў часовым адрэзку) бел-чырвона-белы сцяг стане па змаўчанні дзяржаўным. Згода і падтрымка грамадства зробіць непатрэбным правядзенне хоць якога рэферэндуму на гэтую тэму па прычыне відавочнасці выбару беларусаў іх сімволікі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ