У Лёзне хлопец прадставіўся міліцыянтам і абрабаваў пенсіянерку
У Лёзне малады чалавек, прадставіўшыся супрацоўнікам міліцыі, абрабаваў пенсіянерку, якая дрэнна бачыць, паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама.
Раніцай 18 мая жыхар райцэнтра патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што ў яго 80-гадовай маці ў кватэры скралі грошы. Са слоў пацярпелай, уваходныя дзверы былі не зачынены, калі да яе зайшоў незнаёмы і, прадставіўшыся міліцыянерам, заявіў, што ў жыллі хаваецца злачынца.
«З-за дрэннага зроку жанчына не змагла разгледзець госця, але яго словам не паверыла — зразумела па голасе, што малады чалавек п’яны, і запатрабавала сысці. Замест гэтага ён стаў прасіць грошы на алкаголь. Некалькіх рублёў ад гаспадыні хлопцу аказалася мала — ён выхапіў з халата пенсіянеркі кашалёк і ўцёк.
Аператыўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што да злачынства мае дачыненне 18-гадовы навучэнец каледжа з Оршы, які напярэдадні прыехаў да сяброў. Пасля крадзяжу ён вярнуўся да застолля, а раніцай з’ехаў у Менск, дзе і быў затрыманы», — распавялі ў абласной міліцыі.
Следчыя распачалі крымінальную справу за рабаванне.