Кірыл Валошын: Журналісты не мелі ніякага дачынення да гаспадарчай дзейнасці (абноўлена)



Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын на прэс-канферэнцыі пракаментаваў сітуацыю. Паводле яго слоў, за кратамі на сёння па „справе TUT.by” знаходзяцца 15 чалавек, у тым ліку не звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю партала асобы.

– Цяпер затрыманымі лічацца 15 чалавек, гэтая лічба мянялася. Часам хтосьці з’яўляўся, часам кагосьці забіралі. Журналісты, як і рэдактары, як і сістэмныя адміністратары, не маюць і не мелі ніякага дачынення да гаспадарчай дзейнасці. Таму абвінавачванні пра нясплату падаткаў не зразумела як датычыцца.

„Нават калі Мінінфарм вынес пастанову аб блакаванні TUT.by на тэрыторыі Беларусі, замежныя карыстальнікі павінны мець магчымасць заходзіць на сайт, як і супрацоўнікі кампаніі, — працягвае Кірыл Валошын. —Таксама будуць звароты ў Мінінфарм, каб „спрабаваць дамовіцца, каб выдаліць артыкулы, за якія заблакавалі сайт”.

TUT.by заблакаваны ў Беларусі з 18 траўня. У той жа дзень была распачата крымінальная справа, прайшлі ператрусы і затрыманні.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Адкрыццё крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” і блакаванне партала tut.by з’яўляюцца „актам забойства ненавіснага ўладзе медыя, якое заўсёды сумленна, адкрыта і максімальна хутка публікавала інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне, часам рызыкуючы жыццём і свабодай”, заявіў сузаснавальнік партала Кірыл Валошын падчас анлайн-брыфінгу 21 мая.

Паводле яго слоў, рэдакцыя працягвае працу ў сацыяльных сетках і Telegram.

„На дадзены момант нам не ўдаецца аднавіць партал у выглядзе люстэрка, пад іншым адрасам, — адзначыў Валошын. — Знікненне доступу да нашых сервераў трохі нават падобнае на рэйдарскі захоп. Заблакаваны не толькі дамен партала. Наколькі мы разумеем, серверы, праграмнае забеспячэнне, дыскавыя назапашвальнікі — яны ўсе канфіскаваныя з пляцоўкі, дзе размяшчаліся серверы кампаніі”.

Валошын патлумачыў, што пры ўваходжанні ў сілу рашэння Міністэрства інфармацыі аб блакаванні доступу да таго ці іншага вэб-сайта на тэрыторыі Беларусі ён павінен заставацца даступным для карыстальнікаў за мяжой, да яго павінны мець доступ супрацоўнікі, але ў выпадку з tut.by гэтага няма. „Прычыны, чаму гэта было так арганізавана, нам не агучваюць”, — сказаў сузаснавальнік партала.

Ён таксама паведаміў, што супрацоўнікі не маюць доступу да бэкапу сайта (файлаў аднаўлення інфармацыі).

Паводле слоў Валошына, каманда партала будзе спрабаваць наладзіць працу мабільных дадаткаў, аднавіць партал на іншым дамене і звяртацца да Мінінфарма па афіцыйны дакумент з пералікам матэрыялаў на партале, якія, на думку ведамства, парушаюць заканадаўства, і „спрабаваць дамовіцца, каб гэтыя артыкулы выдаліць”.

Сузаснавальнік паведаміў, што рахунак ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” заблакаваны, з-за гэтага няма магчымасці выплачваць супрацоўнікам заработную плату і адпускныя.

Адказваючы на пытанне пра верагоднасць працы каманды tut.by за мяжой, Валошын не выключыў такі варыянт, але, на яго думку, сайт на новым дамене таксама будзе заблакаваны.

У сітуацыі адсутнасці рэкламадаўцаў, дадаў ён, рэдакцыя не зможа ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў, аднак пакуль гаворка ідзе не пра звальненні, а пра адпраўку часткі з іх у адпачынак.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Затрыманыя 15 чалавек.

Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстэркаў.

БелаПАН

***

Паводле ўдакладненай інфармацыі, у сувязі з крымінальнай справай у дачыненні да ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” затрыманыя 15 чалавек. Аб гэтым 21 траўня падчас анлайн-брыфінгу, прысвечанага сітуацыі з закрыццём tut.by, паведаміў сузаснавальнік партала Кірыл Валошын.

Не ўсе затрыманыя з’яўляюцца супрацоўнікамі tut.by.

З супрацоўнікаў гэта генеральны дырэктар Людміла Чэкіна; галоўны рэдактар Марына Золатава; рэдактар Вольга Лойка; намеснік дырэктара Ірына Рыбалка; журналістка Алена Талкачова; галоўны бухгалтар Анжэла Асад; намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік; галоўны інжынер Ала Лапатка; намеснік гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка; менеджар Андрэй Аўдзееў; юрыст Кацярына Ткачэнка.

Таксама затрыманыя былы юрыст кампаніі Ірына Касцючэнка (перайшла на новае месца працы), дырэктар кампаніі hoster.by Сяргей Павалішаў і дырэктар Rocket Data Дар’я Данілава.

„Затрыманыя па мала зразумелых пакуль нам прычынах праграмісты, людзі, не звязаныя наўпрост з tut.by, як, напрыклад, дырэктар афіляванай з намі кампаніі, дружалюбнай hoster.by, — адзначыў Валошын. — Пад хатнім арыштам знаходзіцца ніяк не звязаная з бізнесам tut.by удава заснавальніка партала Юрыя Зісера Юлія Чарняўская. У яе няма долі ў кампаніі, і да аперацыйнай дзейнасці яна, натуральна, не мае дачынення, як, уласна кажучы, і журналісты, і рэдактары, і сістэмныя адміністратары. Яны ўсе не мелі дачынення да гаспадарчай дзейнасці, таму абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў, не вельмі зразумела, якім чынам іх тычыцца”.

Паводле слоў Валошына, з акцыянераў ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” акрамя яго самога цяпер на волі Ксенія Іванова і Яўгенія Чарняўская (дачка Зісера, мажарытарны акцыянер), але ўсе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі. У сувязі з гэтым Валошын не выключыў неабходнасці прызначэння выканаўцы абавязкаў гендырэктара.

Інфармацыі пра тое, што адбываецца з супрацоўнікамі пасля заканчэння 72 гадзін ад моманту іх затрымання, калі ім павінны вызначыць меру стрымання або адпусціць, у сузаснавальніка партала няма. Валошын выказаў надзею, што іх адпусцяць, аднак „прагнозы не аптымістычныя”.

Гаворачы аб hoster.by, ён падкрэсліў, што сэрвіс функцыянуе, але ў прынцыпе ніякай сувязі ў яго дзейнасці з tut.by няма.

18 траўня дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў вобшукі ў рэдакцыі tut.by, яе рэгіянальных офісах і дома ў супрацоўнікаў партала. Было заяўлена, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” распачатая справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Практычна адначасова на падставе звароту Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта tut.by і яго люстэркаў.

belapan.by