Затрыманыя тэхнічныя работнікі менскай студыі „Белсата”



Супрацоўнікі сілавых структур уварваліся ў менскую студыю „Белсата”, у якой здымаецца праграма „Кожны з нас”, затрыманыя тэхнічныя работнікі, паведаміў тэлеканал. У гэты час там вялася падрыхтоўка да запісу ток-шоу, здымак не было.

Вядоўца праграмы Глеб Лабадзенка ў студыі адсутнічаў, ён на волі.

Польскі тэлеканал „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, беспаспяхова спрабуе атрымаць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў краіны. Журналісты канала ўвесь час пераследуюцца за працу на СМІ без акрэдытацыі. У лютым супрацоўніцы канала Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова былі прыгавораныя да двух гадоў пазбаўлення волі за прамую трансляцыю акцыі пратэсту з „плошчы Перамен” (двара на вуліцы Чарвякова ў Менску). Суд палічыў іх вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывялі да парушэння працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

belapan.by