Прадстаўніцтва ЕЗ выказала спачуванні блізкім Ашурка і запатрабавала вызваліць палітвязняў



 Спачуванне блізкім, сябрам і знаёмым Вітольда Ашурка выказала прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі.

„Няхай добрыя ўспаміны дапамагаюць вам трымацца ў гэты цяжкі час. Еўрапейскі звяз падкрэслівае сваё патрабаванне неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і адвольна затрыманых. Яго мэта — прыцягваць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі”, — гаворыцца ў спачуванні.

Аб смерці 50-гадовага Ашурка паведамілі ўвечары 21 траўня яго сваякам. Ашурак адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

„Мне патэлефанавалі на хатні тэлефон і паведамілі, што сёння мой муж Вітольд Ашурак памёр”, — паведаміла БелаПАН жонка палітвязня Вольга Ашурак.

Паводле яе слоў, папярэдняя прычына смерці — спыненне сэрца, ідзе праверка.

Жанчына, якая тэлефанавала, параіла заўтра тэлефанаваць у Следчы камітэт.

Родныя і сябры палітвязня не атрымлівалі ад яго лістоў з 25 красавіка.

18 студзеня суд Лідскага раёна (Гарадзенскай вобласць) прызнаў гродзенскага абласнога каардынатара руху” За Свабоду ” Вітольда Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і нападзе на міліцыянера падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года.

„На падставе ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) прызначыць пакаранне тэрмінам на два гады. Яго ж прызнаць вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў, перашкодзе яго законнай дзейнасці. На падставе арт. 364 КК прызначыць яму пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады”, — абвясціў прысуд намеснік старшыні суда Максім Філатаў, які вёў працэс.

Паводле яго слоў, па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў Ашурку канчаткова вызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць гадоў з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.

Акрамя таго, суддзя пастанавіў спагнаць з актывіста на карысць прызнанага пацярпелым супрацоўніка праваахоўных органаў 1.000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды і 81 рубель дзяржпошліны. Паводле рашэння суда будуць знішчаныя канфіскаваныя ў Ашурка бел-чырвона-белыя сцягі і членскі білет Партыі БНФ.

8 красавіка Гарадзенскі абласны суд па выніках разгляду апеляцыі пакінуў прысуд Ашурку без зменаў.

belapan.by