Пасол ЗША Фішэр: Ашурак памёр у барацьбе за свабоду і светлую будучыню Беларусі



Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказала глыбокія спачуванні сям’і і сябрам гарадзенскага абласнога каардынатара руху „За Свабоду”, сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі № 17 на 51-м годзе жыцця.

„Ён памёр у барацьбе за свабоду і светлую будучыню Беларусі”, — напісала дыпламат у „Твітэры”.

Паводле яе слоў, вінаватыя павінны панесці адказнасць за незаконнае турэмнае зняволенне і смерць актывіста.

Пра смерць Ашурка сваякам паведамілі ўвечары 21 мая. Папярэдняй прычынай смерці назвалі спыненне сэрца, праводзіцца праверка. Родныя і сябры не атрымлівалі ад яго лістоў з канца красавіка.

18 студзеня суд Лідскага раёна прызнаў Ашурка вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і нападзе на міліцыянера падчас акцыі пратэсту ў раённым цэнтры 9 жніўня 2020 года. Яму было прызначанае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

8 красавіка Гарадзенскі абласны суд паводле вынікаў разгляду апеляцыі пакінуў прыгавор Ашурку без зменаў.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа