Прэм’ер-міністр Літвы: Няхай правасуддзе для Ашурка здзейсніць Гаагскі трыбунал
Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце востра адрэагавала на паведамленне аб смерці ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка, якога беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем.
На сваёй старонцы ў „Твітэры” кіраўнік урада напісала, што гэтая вестка яе засмуціла і адначасова разлютавала.
„Няхай супакоіцца яго душа ў свабодзе. Няхай для яго здзейсніць правасуддзе Гаагскі трыбунал”, — заявіла Шыманіце.
Пра смерць 50-гадовага Ашурка сваякам паведамілі ўвечары 21 траўня. Папярэдняй прычынай смерці назвалі спыненне сэрца, праводзіцца праверка. Родныя і сябры не атрымлівалі ад яго лістоў з канца красавіка.
Пасол ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр выказала глыбокія спачуванні сям’і і сябрам гарадзенскага абласнога каардынатара руху „За Свабоду”, сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка. „Ён памёр у барацьбе за свабоду і светлую будучыню Беларусі”, — напісала дыпламат у „Твітэры”.
„Усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя, а рэжым — прыцягнуты да адказнасці”, — гаворыцца ў спачуванні МЗС Эстоніі.