Для беларускіх бюджэтнікаў уводзяць змены па заробках



З 1 ліпеня для бюджэтнікаў увядуць чарговыя змены па заробках. Яны датычацца сярод іншага прэмій і надбавак работнікам. Цяпер чыноўнікі, прафсаюзы тлумачаць бюджэтным арганізацыям, як будзе працаваць новая схема аплаты працы, пры гэтым каб «не дапусціць і папярэдзіць сацыяльную напружанасць у калектыве» і выключыць выпадкі зніжэння заробкаў. Нагадаем, папярэднія істотныя змены па заробках бюджэтнікаў, якія ўвялі з 2020 года, суправаджаліся шматлікімі памылкамі ў налічэнні і выплаце заробкаў бюджэтнікам, скаргамі бюджэтнікаў, калектыўнымі зваротамі, піша TUT.BY.

Сярод змен, якія ўвядуць з 1 ліпеня:

павялічаць памер сродкаў, якія ідуць на прэміраванне работнікаў бюджэтных арганізацый – з 5% да 20%; у медыкаў адменяць надбаўку за высокія дасягненні ў працы, а ў работнікаў культуры адменяць надбаўку „за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы”;

у работнікаў культуры з’явіцца „надбаўка за высокія прафесійныя і творчыя дасягненні ў працы, складанасць і напружанасць працы” – у памеры ад 5 да 25% сумы акладаў работнікаў;

для медыкаў увядуць новую кампенсавальную выплату – базавую даплату;

у ахове здароўя надбаўка за складанасць і напружанасць працы будзе не абмежаваная максімальным памерам (цяпер – да 200% акладу);

у ахове здароўя надбаўку за забеспячэнне паказчыкаў дзейнасці бюджэтнай арганізацыі ўсталююць кіраўнікам бюджэтных арганізацый у памеры да 200% акладу ўключна (цяпер – да 100% акладу).

Чыноўнікі называюць змены ўдасканаленнем сістэмы аплаты працы. Раней у Мінфіне таксама заяўлялі, што наспела неабходнасць перагляду штату бюджэтных арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя