Вядучыя нямецкія палітыкі выказаліся за новыя санкцыі супраць беларускіх улад



З рэзкай крытыкай вымушанай пасадкі ў Менску борта Ryanair выступілі вядучыя палітыкі Германіі. Яны заклікалі да вызвалення затрыманага Рамана Пратасевіча і новых санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў.

На думку лідара Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (уваходзіць у кіруючую кааліцыю), кандыдата на пасаду канцлера ФРГ Арміна Лашэта, ЕЗ павінен зрабіць высновы з сітуацыі, калі Беларусь „пагражае свабодзе грамадзянскага рэйса паміж двума членамі Еўрапейскага звяза”, а „затрыманы апазіцыянер Раман Пратасевіч павінен быць неадкладна вызвалены”.

Генеральны сакратар ХДС Паўль Зімяк перакананы, што Еўрасаюзу неабходна прыняць „новыя строгія меры” ў дачыненні да рэжыму і тых, хто яго падтрымлівае.

Сустаршыня партыі зялёных, кандыдат на пасаду канцлера Анналена Бербок лічыць вымушаную пасадку самалёта ўгонам, патрабуе вызвалення Пратасевіча і ўсіх палітвязняў у Беларусі. Усе яны павінны мець права на свабодны выезд, заявіла Бербок. „Еўрапейскі саюз не можа мірыцца з гэтай нябачанай эскалацыяй, пагрозай нашай свабодзе ў Еўропе і сур’ёзнай небяспекай еўрапейскай грамадзянскай авіяцыі”, — заявіла палітык.

„Дзяржаўным тэрарызмам” назваў інцыдэнт з самалётам спікер па пытаннях знешняй палітыкі парламенцкай фракцыі Свабоднай дэмакратычнай партыі Біджан Джыр-Сарай. „Гэта павінна мець міжнародныя наступствы для дыктатара Лукашэнкі”, — лічыць ён.

„Лукашэнка не саромеецца ўмешвацца ў рух грамадзянскіх суднаў, каб займець у свае рукі крытычныя галасы, як у Рамана Пратасевіча, — напісала прадстаўнік гэтай жа партыі, кіраўнік камітэта бундэстага па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюдэ Енсэн. — Гэта злачынна і патрабуе выразнага адказу саміта ЕС, у тым ліку суровых санкцый. Шаля перапоўнілася”.

Сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі (уваходзіць у кіруючую кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі) Норберт Вальтэр-Бор’янс „ашаломлены актам брутальнага самавольства ў Еўропе”. „Угон самалёта з дапамогай дзёрзкай дыктатарскай аперацыі не павінен адбывацца ні ў Еўропе, ні дзе-небудзь яшчэ”, — заявіў ён.

belapan.by