Двое затрыманых па «справе TUT.BY» знаходзяцца дома, меркавана, пад хатнім арыштам
Стала вядома, што юрыст «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Кацярына Ткачэнка і былы юрыст кампаніі Ірына Касцючэнка знаходзяцца дома. Датэлефанавацца да абедзвюх не атрымліваецца. «З ёй нельга звязацца», — паведаміў сваяк адной з іх. Гэта паказвае на тое, што абедзве могуць быць пад хатнім арыштам.
У якім статусе знаходзяцца Кацярына і Ірына, невядома. Іх адвакаты не могуць раскрываць iнфармацыю, бо далі падпіску пра неразгалошванне, а афіцыйных каментароў пасля заявы так званых «праваахоўных» органаў у дзень затрымання пра тое, што заведзеная крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў (ч.2 арт.243 КК Беларусі), не было.
Па наяўнай раней інфармацыі, пад хатнім арыштам таксама знаходзіцца ўдава заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.
Нагадаем, 15 чалавек праходзяць па «справе TUT.BY». Большая частка з іх знаходзяцца пад вартай у СІЗА №1 і следчым ізалятары КДБ.
Мера стрымання пад варту абіраецца адразу на два месяцы, але на працягу 10 сутак з моманту затрымання падазраванаму павінна быць прад’яўлена абвінавачанне. Калі гэтага не адбываецца, мера стрымання адмяняецца. У гэтым выпадку 28 траўня затрыманых могуць адпусціць з-пад варты.
novychas.by, паводле TUT.BY