Паездка за мяжу на машыне стане платнай і на Берасьцейшчыне



Берасцейскі абласны савет дэпутатаў на сесіі 24 траўня падтрымаў увядзенне падатку за перасячэнне мяжы на легкавым аўтамабілі. Раней аналагічны падатак уведзены ў Гарадзенскай і Гомельскай абласцях.

«Дэпутаты ў панядзелак разгледзелі пытанне ўвядзення мясцовага збору за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуску і выказаліся за ўвядзенне такога збору. Ухвалены праект рашэння накіраваны на юрыдычную экспертызу», — паведамляе абласная газета «Заря».

Уводзіць збор за перасячэнне мяжы мясцовым уладам дазваляе абноўлены Падатковы кодэкс, які набыў моц 1 студзеня 2021 году.

Такім чынам, плаціць давядзецца пры выездзе з Беларусі ў краіны Еўразвяза і Украіну. Кожны выезд будзе каштаваць адну базавую велічыню або 29 рублёў. Расея ў гэты спіс не ўваходзіць.

З адкрыццём межаў пры магчымым увядзенні збору нічога не зменіцца для пасажыраў аўтобусаў – плата ўводзіцца толькі для легкавікоў і «бусаў», максімальная вага якіх не перавышае пяці тон.

Падатак будзе брацца не з людзей (пасажыраў), а з транспартнага сродку.

 «Заря»