Судзяць за «Пагоню» на пашпарце



Судзяць за «Пагоню» на пашпарце. Днём 21 траўня ў Менску затрымалі журналістаў-фрылансераў Алеся Сіліча і Наталлю Валакіду. Пазней Наталлю Валакіду вызвалілі. Алеся Сіліча вінавацяць у «адзіночным пікеце», нібыта ён дэманстраваў «незарэгістраваную сімволіку» – герб «Пагоня» на вокладцы пашпарта. Яго пакінулі ў няволі да суду, які плануецца на панядзелак.

Каментарый намесніка дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксея Дзікавіцкага: 

– Нармальным судом гэта не назваць, гэта так званы суд. На жаль, абсурднае абвінавачванне кшталту адзіночнага пікета за тое, што ў Алеся на вокладцы пашпарта была налепка «Пагоня». Гэта лічыцца ў цяперашніх беларускіх рэаліях адзіночным пікетам. Абсалютна абсурдная справа. За кратамі ўвогуле 9 белсатаўцаў. Мы стараемся рабіць усё, што можам, каб неяк ім дапамагчы, але нашыя магчымасці і ўвогуле ўсяго беларускага грамадства ў сутыкненні з гэтай тэрарыстычнай машынай вельмі-вельмі, на жаль, абмежаваныя.

Герб «Пагоня» афіцыйна зарэгістраваны як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь, і гэткая каштоўнасць знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай. У той жа час сілавікі ўварваліся ў менскую студыю „Белсата”, дзе рыхтаваліся здымкі ток-шоў „Кожны з нас”, і перашкодзілі здымкам праграмы. Тэхнічных супрацоўнікаў абвінавачваюць у „незаконным вырабе і распаўсюдзе медыякантэнту”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя