МЗС РФ запытала консульскі доступ да затрыманай сяброўкі Рамана Пратасевіча



МЗС Расеі запытала ва ўладаў Беларусі інфармацыю пра расейскую грамадзянку, затрыманую разам з блогерам і актывістам Раманам Пратасевічам, паведаміў кіраўнік міністэрства Сяргей Лаўроў 24 мая на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком МЗС Грэцыі. Трансляцыю вёў тэлеканал „Россия 24”.

Раней паведамлялася, што разам з Пратасевічам 23 мая ў Менску была затрыманая яго сяброўка Сафія Сапега, якая вярталася разам з ім з Грэцыі.

„Мы ўжо звязаліся з яе бацькам, і наша пасольства звярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай даць інфармацыю аб нашай грамадзянцы і забяспечыць да яе консульскі доступ”, — заявіў Лаўроў.

Каментуючы інцыдэнт з вымушанай пасадкай у Менску самалёта Ryanair рэйса Афіны — Вільня, на якім ляцелі Пратасевіч і Сапега, Лаўроў заявіў, што Масква выступае „за тое, каб гэтую сітуацыю ацэньваць не з гарачкі, не прыхапкам, а на аснове ўсёй наяўнай інфармацыі”.

„Тым больш прадстаўнік МЗС Беларусі зрабіў разгорнутую заяву, падкрэсліў гатоўнасць беларускіх уладаў дзейнічаць у гэтым пытанні транспарэнтна, прытрымлівацца ўсіх міжнародных правілаў і гарантаваць поўную транспарэнтнасць, уключаючы, у выпадку неабходнасці, прыём міжнародных экспертаў. Я думаю, што гэта абсалютна разумны падыход, — адзначыў Лаўроў. — Яшчэ было падкрэслена, што Беларусь гатовая падаць усе неабходныя матэрыялы, якія пацвердзяць, што адпаведныя авіяцыйныя ўлады дзейнічалі ў межах міжнародных правілаў”.

Удзень 23 мая самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску. Як паведаміў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, паступіла інфармацыя аб замініраванні самалёта. У гэты момант борт знаходзіўся недалёка ад мяжы з Літвой. Паводле інфармацыі канала, „звярнуліся да Мінска, каб прынялі самалёт”, і Лукашэнка „даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць”. На яго даручэнне для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманне вядомага беларускага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча, грамадзянка Расеі.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа