Аналітык: Улады Беларусі ўяўляюць праблему для міжнароднай бяспекі



Эскалацыя канфлікту відавочная, – выказаўся у нашым эфіры палітычны аналітык Валер Карбалевіч.

Сітуацыя з бортам Ryanair, як мінімум прымусіла еўрапейцаў па-іншаму паглядзець на палітыка А. Лукашэнку. У небе недалёка ад Ліды спецслужбы Беларусі перахапілі самалёт, які ляцеў па маршруце Афіны-Вільня ды затрымалі блогера і былога рэдактара тэлеграм-канала НЕХТА Рамана Пратасевіча. Калі раней рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі была больш унутранай праблемай беларусаў, цяпер яна і еўрапейская.

– Улады Беларусі парушалі правы беларускіх грамадзян. Гэты ж эпізод мяняе трохі сітуацыю. Цяпер улады Беларусі закранулі правы грамадзян Еўразвязу, і там у асноўным былі грамадзяне краін ЕЗ. І таму цяпер стаўленне да ўладаў Беларусі будзе ўжо з гледзішча таго, што яны ўяўляюць праблему для міжнароднай бяспекі. І гэта азначае эскалацыю канфлікту паміж Беларуссю і Захадам.

У ЗША і ЕЗ заклікалі забараніць палёты над Беларуссю і ўвесці санкцыі. Акрамя таго, палітыкі заклікалі краіны НАТО і ЕЗ увесці санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі і «прыпыніць яго магчымасці выкарыстоўваць Інтэрпол і іншыя міжнародныя арганізацыі для далейшых нападаў на дэмакратыю ў Еўропе».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя