Гомельскіх незалежных журналістаў пакаралі штрафам



Гомельскіх журналістаў Ларысу Шчыракову і Яўгена Меркіса аштрафавалі на 1450 рублёў у сукупнасці за парушэнне заканадаўства аб СМІ.

Такое рашэнне агучыў суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Сяргей Кармановіч. Гаворка ідзе пра відэаапытанку жыхароў Гомеля, якая дэманстравалася на тэлеканале “Белсат” з нагоды Дня Волі. Сама Ларыса Шчыракова не згодная з судовым рашэннем:

– Я не лічу сябе вінаватай, таму што збор інфармацыі – гэта маё канстытуцыйнае права. Можа быць, канешне, абмежаванне, але гэтае абмежаванне заўжды павінна нечым абгрунтоўвацца. А ў дадзеным выпадку я не разумею, чаму мне абмяжоўваецца права на збор інфармацыі. Мы зараз можам казаць не проста пра ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных СМІ, як раней мы гэта казалі. Цяпер можна казаць пра курс, узяты на знішчэнне незалежных СМІ.

Журналістка Ларыса Шчыракова з’яўляецца адной з рэкардсменак па колькасці штрафаў за сваю працу. За гады супрацы з тэлеканалам “Белсат” яе судзілі больш за 40 разоў.  

Беларускае Радыё Рацыя