Пра забарону на ўсё
Саміведаецехто падпісаў закон, які ўносіць змены ў заканадаўства аб СМІ і масавых мерапрыемствах. Коратка гэтыя змены можна ахарактарызаваць так: забаронена ўсё.
Змены датычаць сфераў, якіх пасля 2020-га найбольш баяцца ўлады: СМІ і масавыя мерапрыемствы. Калі законы ўступяць у сілу, то забаронена будзе размяшчаць вынікі апытанняў грамадскага меркавання на грамадска-палітычныя тэмы без акрэдытацыі. Ну, вы самі ўсё зразумелі: атрымаць акрэдытацыю незалежным журналістам будзе проста немагчыма. А грамадска-палітычнымі тэмамі ў свеце апошніх падзей можа быць усё, нават пытанне, ці баіцеся вы самалётаў?
А яшчэ пасля ўступлення ў сілу зменаў у заканадаўства масавае мерапрыемства можна будзе праводзіць толькі з дазволу мясцовых органаў. Тут вы таксама ўсё зразумелі: ніводны мясцовы орган у сваім розуме не дасць дазвол на акцыю пратэсту. Бо пасля такога дазволу можна будзе апынуцца там, дзе і многія пратэстоўцы пасля мітынгаў: за кратамі. То бок дазволеных акцый пратэсту ў Беларусі болей не будзе. Таксама забараняецца збор сродкаў і аказанне паслуг для сплаты штрафаў за ўдзел у акцыях пратэсту. То бок, калі вам сваякі вырашылі скінуцца на аплату штафа, то гэта незаконна. Карацей, добра што яшчэ дыхаць пакуль не забаранілі.