Абвешчаны прысуд Паўлу Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі» (абноўлена)



Сёння, 25 траўня, у Магілёве абвесцілі прысуд так званай «групе Ціханоўскага-Статкевіча», якую абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Столькі ж Андрэю Войнічу, Яўгену Афгнагелю.

Паўлу Юхневічу — 5, Максіму Вінярскаму — 5. Ірыне Шчаснай — 4 гады агульнага рэжыму.

Палітвязні скандавалі ў судзе: «Верым, можам, пераможам!».

Суд пачаўся 12 траўня ў Магілёве. 

Павел Севярынец быў затрыманы амаль год таму, 7 чэрвеня 2020 года.

***

Магілёўскі абласны суд 25 траўня прыгаварыў сустаршыню аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такія ж прысуды вынесеныя каардынатару „Еўрапейскай Беларусі” Яўгену Афнагелю і актывісту кампаніі Андрэю Войнічу.

Актывісты „Еўрапейскай Беларусі” Павел Юхневіч, Максім Вінярскі і блогер Дзмітрый Казлоў (Шэры Кот) асуджаныя кожны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Актывістка Ірына Шчасная, рэдактар шэрагу тэлеграм-каналаў, у ліку якіх і прызнаны экстрэмісцкім, асуджаная на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На працэсе старшынствавала суддзя Ірына Ланчава. Вінярскі, Казлоў, Севярынец, Юхневіч і Шчасная прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), Афнагель і Войніч — таксама ў навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў іх (ч. 3 арт. 293 КК). Акрамя таго, усе сем актывістаў абвінавачаныя ў падрыхтоўцы да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК).

Афіцыйныя СМІ называюць фігурантаў крымінальнай справы „групоўкай Ціханоўскага-Статкевіча”.

Прысуд набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя яго не абскардзяць.

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года каля яго дома неўзабаве пасля таго, як ён правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам у Мінску акцыю „Народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі, на якіх збіралі подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая крымінальная справа з-за ўзніклага падазрэння ва ўчыненні злачынства. Пазней стала вядома, што яму выставілі абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакінулі пад вартай.

Пакуль вёўся судовы разбор, Вольга Севярынец даведалася, што яе мужа ў следчым ізалятары магілёўскай турмы № 4 паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў. Пазней яна паведаміла, што палітыку далі статус „схільнага да нападу на адміністрацыю”. Усе яго перамяшчэнні па турме адбываюцца выключна ў наручніках.

Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасня 2020 года. У кастрычніку ім выставілі абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым 2021 года Афнагеля абвінавачвалі яшчэ і ў навучанні, або падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаванні такой дзейнасці.

Пра затрыманне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня 2021 года. Паводле слоў праваабаронцаў, яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Дзмітрыя Казлова затрымалі 10 чэрвеня 2020 года, на наступны дзень суд прызначыў яму арышт на 20 дзён. Ён павінен быў выйсці на свабоду 30 чэрвеня, але гэтага не адбылося. Пазней у дачыненні да Казлова распачалі справу за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Блогера Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2020 года. Як сцвярджаюць праваабаронцы, супрацоўнікі Следчага камітэта прайшлі ў яе кватэру пераапранутымі ў форму работнікаў ЖЭСа. У выніку вобшуку былі канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грошы. Шчасную забралі для допыту ў Следчы камітэт. 27 лістапада ёй было выстаўленае абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках, яе пакінулі пад вартай.

Як і Севярынец, іншыя шэсць абвінавачаных, пакуль праходзіў працэс, знаходзіліся ў следчым ізалятары Магілёва.

Праваабаронцы прызналі ўсіх абвінавачаных палітвязнямі.

belapan.by