Каціроўкі беларускіх еўрабондаў упалі



Кошт беларускіх еўрааблігацый, якія таргуюцца на другасным рынку, рэзка знізіўся за апошнія суткі, сведчаць дадзеныя Франкфурцкай фондавай біржы.

belprauda.org

Так, цана еўрааблігацый „Беларусь-2031” (з пагашэннем у 2031 годзе) знізілася на другасным рынку еўрабондаў на гэтым тыдні з 93,76% ад наміналу да 91,13% ад наміналу.

Цана еўрабондаў „Беларусь-2030” знізілася з 93,26% да 91,66% ад наміналу, еўрабондаў „Беларусь-2027” — з 103,71% да 100,55% ад наміналу, аблігацый „Беларусь-2026” — з 96,626 % да 94,795% ад наміналу.

Такім чынам, за апошнія суткі рэзка знізіліся каціроўкі ўсіх выпускаў беларускіх еўрабондаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні.

Днём 23 мая самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. Як паведаміў блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, паступіла інфармацыя аб замініраванні самалёта. У гэты момант борт знаходзіўся недалёка ад мяжы з Літвой. Паводле інфармацыі канала, „звярнуліся да Менска, каб прынялі самалёт”, і Лукашэнка „даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць”. Паводле яго даручэння для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманне вядомага беларускага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Інцыдэнт асудзілі Вялікабрытанія, Германія, Грузія, Грэцыя, ЗША, Літва, Польшча, Францыя, структуры ЕС, НАТА, ААН і АБСЕ. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выказала „сур’ёзную занепакоенасць відавочна вымушанай пасадкай рэйса Ryanair і яго пасажыраў”. Неадкладнага вызвалення Пратасевіча запатрабавалі Украіна, Латвія, Эстонія і іншыя краіны.

Як паведамлялася, у чэрвені 2020 года беларускія ўлады размясцілі сярод заходніх інвестараў два новыя выпускі еўрааблігацый на 1,25 млрд долараў.

Еўрабонды „Беларусь-2026” на 500 млн даляраў размешчаныя на тэрмін 5,7 года (з пагашэннем у лютым 2026 года) пад стаўку 5,875% гадавых. Аблігацыі „Беларусь-2031” на 750 млн даляраў размешчаныя на тэрмін 10,7 года (з пагашэннем у лютым 2031 года) пад стаўку 6,378% гадавых. Аблігацыі размешчаныя па цане 100% ад намінальнага кошту.

Паводле звестак Мінфіна, каля 97% еўрааблігацый Беларусі набытыя буйнымі заходнімі кіруючымі кампаніямі і інвестыцыйнымі фондамі.

Размяшчэннем еўрабондаў улады займаюцца для прыцягнення сродкаў, якія накіроўваюцца на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу. Пачынаючы з 2012 года Беларусь павінна выплачваць штогод па дзярждоўгу больш за 3 млрд даляраў. Пікавыя выплаты Беларусі па дзярждоўгу, паводле дадзеных Мінфіна, працягнуцца як мінімум да 2026 года.

БелаПАН