Алена Анісім: Больш прэтэнзій да нас няма



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім яшчэ раз падзякавала ўсім, хто дапамог ТБМ.

Нагадаем, што не так даўно Таварыства беларускай мовы імя Скарыны заявіла, што можа страціць сядзібу ў цэнтры Менска, якую займае з 1989 года, з-за таго, што назбіралася вялікая запазычанасць перад арэндадаўцам.

За мінулы год асноўны доўг перад арэндадаўцам дасягнуў 15 тысяч рублёў, а яшчэ 5 тысяч прырасло за кошт пені. З гэтай нагоды ТБМ папрасіла дапамогі ў грамадскасці.

Алена Анісім: Людзі адгукнуліся, дапамаглі фінансава і літаральна за некалькі дзён назбіралі неабходную суму. У арэндадаўцаў да нас больш няма прэтэнзій, мы разлічыліся і з даўгамі, і за гэты месяц заплацілі. Зараз ідзе збор грошай ужо на наступны месяц, таму пакуль усё добра.

РР: Хоць нейкія пазітыўныя навіны ў сённяшні няпросты час…

Алена Анісім: Увогуле, карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз выказаць грамадскасці падзяку за тую вялізную падтрымку, якую мы адчулі. Такой арганізаванай і імклівай дапамогі мы ніколі не мелі, а таму гэта вельмі ўзрушыла. Мы думалі, што збор грошай зацягнецца як мінімум на месяц, я збіралася арэндадаўцам пісаць ліст з просьбай даць адтэрміноўку. Але, як ужо казала, праблема вырашылася вельмі хутка. Толькі за суткі нам паступіла 7 тысяч рублёў, што склала трэцюю частку доўга.

А пры горшым раскладзе нас чакала б высяленне, хаця ў гэтым годзе і так заканчваецца тэрмін арэнды. Будзем вырашаць пытанне ў Менгарвыканкаме, не ведаю, якое рашэнне ў выніку там прымуць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя