Amnesty International абвясціла аб тэрміновых дзеяннях у справе Рамана Пратасевіча
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International пачынае тэрміновыя дзеянні пасля відэазапісу з „прызнаннем” затрыманага ў Менску вядомага беларускага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча, гаворыцца ў заяве на сайце арганізацыі.
„Мы заклікаем нашых прыхільнікаў па ўсім свеце далучыцца да тэрміновых дзеянняў, якія патрабуюць неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Іх арышт з’яўляецца адвольным і незаконным, а яго абставіны проста жахлівыя. Мы з самага пачатку асцерагаліся, што ім могуць пагражаць катаванні або іншае жорсткае абыходжанне. Цяпер беларускія дзяржаўныя СМІ апублікавалі відэазапіс, на якім Раман „прызнаецца” толькі ў тым, што ўдзельнічаў у арганізацыі пратэстаў, і мы занепакоеныя тым, што гэта „прызнанне” магло быць атрыманае пад націскам”, — сказала дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.
Як адзначае Amnesty International, у паказаным 24 траўні беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі відэазапісе Пратасевіч гаворыць, што ён „супрацоўнічае са следчымі” і „прызнаецца” ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску. „У яго ёсць бачныя сінякі на твары, але ён заяўляе, што з ім абыходзяцца „правільна і законна”, — звяртаюць увагу праваабаронцы.
„Улічваючы характар парушэнняў правоў чалавека з боку беларускіх спецслужбаў, мы сур’ёзна занепакоеныя тым, што здароўе і жыццё Рамана Пратасевіча знаходзяцца пад пагрозай. Мы лічым, што яго сяброўка Сафія Сапега, грамадзянка Расіі, затрыманая толькі для таго, каб аказаць далейшы націск на Рамана”, — падкрэсліла дырэктар Amnesty International.
Беларускія дзяржаўныя і праўладныя СМІ распаўсюдзілі ўвечары 24 траўня відэазапіс з Раманам Пратасевічам, затрыманым напярэдадні ў Менску. На кадрах Пратасевіч, які сядзіць за сталом без наручнікаў і з пачкам цыгарэт, гаворыць, што знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1, дзе з ім абыходзяцца „максімальна карэктна і па законе”, і „працягвае супрацоўнічаць са следствам і даваць прызнальныя паказанні па факце арганізацыі масавых беспарадкаў”.