Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка пагражае накіраваць наркотыкі і мігрантаў у наш бок



Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адрэагаваў на выступленне Аляксандра Лукашэнкі 26 траўня на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання.

„Лукашэнка адкрыта пагражае накіраваць наркотыкі і нелегальных мігрантаў у наш бок, — напісаў Ландсбергіс на сваёй старонцы ў „Твітэры”. — Тэрарыст — гэта той, хто дзейнічае або мае намер дзейнічаць, як тэрарыст. Гэта далейшая эскалацыя з боку рэжыму, да якой Еўропа павінна быць гатовая”.

Раніцай 26 траўня ў праўладных тэлеграм-каналах сталі з’яўляцца паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Лукашэнкі на сустрэчы. У прыватнасці, былі апублікаваныя два паведамленні, якія ішлі адно за адным, што тычыліся ацэнкі ім рэакцыі краін Захаду на інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair у Менску: „Лукашэнка: не падабаецца лятаць праз бяспечную Беларусь — лётайце там, дзе загубілі 300 чалавек” і „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць”.

Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў тэлеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расейскія і ўкраінскія СМІ.

Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступлення на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.

belapan.by