Беларускія хакеісты прайгралі брытанцам



Зборная Вялікабрытаніі перамагла хакеістаў Беларусі ў матчы групавога этапу чэмпіянату свету ў Рызе з лікам 4:3.

Гэта першая перамога брытанцаў у вышэйшым дывізіёне Чэмпіяната свету з 1962 года.

За дзесяць хвілін да заканчэння асноўнага часу зборная Беларусі прайгравала 1:4, але на 52-й хвіліне вызначыўся Джэф Плат, а на 58-й – Шэйн Прынс. Нашай камандзе трэба было забіць яшчэ адну шайбу за дзве хвіліны, каб перавесці гульню ў авертайм, але не атрымалася.

На чэмпіянаце свету беларусы перамаглі шведаў і прайгралі славакам, чэхам і брытанцам. Бліжэйшая гульня пройдзе 28 траўня з датчанамі.

У іншых матчах хакеісты зборнай Канады выйгралі ў нарвежцаў – 4:2.

Зборная Казахстана абыграла немцаў 3:2. Расейскія хакеісты былі мацней за датчанаў 3:0.

„Вільярэал” упершыню выйграў Лігу Еўропы

Іспанскі „Вільярэал” упершыню стаў пераможцам Лігі Еўропы. У вырашальным паядынку другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру ў польскім Гданьску іспанскі клуб адолеў у серыі пасляматчавых пенальці англійскі „Манчэстар Юнайтэд”. На зыходзе паўгадзіны гульнявога часу Даніэль Парэха выканаў штрафны ўдар, і Жэрар Марэна забіў свой сёмы мяч у гэтым турніры. Да перапынку „чырвоныя д’яблы” адыграцца не змаглі. Гэта ўдалося зрабіць праз 10 хвілін пасля пачатку другой паловы, калі адзначыўся ўругвайскі нападнік „Манчэстар Юнайтэд” Эдынсан Кавані. Да заканчэння асноўнага часу магчымасці выйсці наперад былі ў абедзвюх каманд, але вынік не змяніўся. У дадатковы час таксама ніхто не дамогся поспеху, а ў серыі пенальці пераможца вызначыўся пасля 22 удараў. У вырашальны момант да мяча падышлі брамнікі. Калі кіпер „Вільярэала” Рулі апынуўся дакладным, то Дэ Хеа не змог пробіць свайго апанента.

Руслан Юдзянкоў прызнаны найлепшым гульцом 10-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе

Капітан „Гомеля” Руслан Юдзянкоў прызнаны найлепшым гульцом 10-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У гасцявым пераможным матчы з мазырскай „Славіяй” 34-гадовы паўабаронца гамяльчан адыграў усе 90 хвілін і на 62-й хвіліне гульні эфектна забіў трэці мяч. Гэтую сустрэчу футбалісты „Гомеля” выйгралі 4:2 і, набраўшы 18 ачкоў, замацаваліся ў першай пяцёрцы турнірнай табліцы.

Беларускія баскетбалісткі прайгралі расяянкам ў таварыскім матчы

Баскетбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу ў кантрольных матчах. У турэцкім Стамбуле беларускі прайгралі камандзе Расеі 36:74. Самай выніковай у складзе беларусак стала Марыя Папова, у актыве якой 9 ачкоў. З Турцыі зборная Беларусі адправіцца ў Прагу, дзе 3 і 4 чэрвеня правядзе два спарынгі з камандай Чэхіі.

Алег Мікановіч узначаліў валейбольны клуб „Будаўнік”

Вядомы ў мінулым валейбаліст, адзін з лідараў нацыянальнай зборнай краіны Алег Мікановіч узначаліў шматразовых чэмпіёнаў краіны, паўфіналістаў Кубка выкліку ЕКВ – 2015 года менскі „Будаўнік”. На гэтай пасадзе ён змяніў Аляксандра Сінгаеўскага. Вопытны настаўнік застаўся ў сістэме валейбольнага клуба „Мінск”, узначаліўшы МАПІД. Алег Мікановіч у мінулым адзін з самых знакамітых айчынных валейбалістаў, падчас гульнявой кар’еры выступаў у клубах Беларусі, Вугоршчыны, Ізраіля і Кіпра, выступаў за нацыянальную каманду Беларусі ў 1995-2000 і 2010-2014 гадах. Ганараваўся звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: inc-news.ru