Пра беларускія масты



Бяда з гэтымі мастамі ў Беларусі. Разбураюцца і разбураюцца. То там мост абрынецца, то там. Дзесьці вельмі цяжкі грузавік праедзе – і мост абваліўся. А дзесьці, як сцвярджаюць дзяржаўныя арганізацыі, прычына ў тым, што ў савецкія часы, калі будавалі мост, не было тэхналогій і патрэбных матэрыялаў.  Старажытныя рымляне, якія яшчэ пару тысячаў год таму будавалі віядукі ў больш складаных умовах, нервова паляць люльку ў баку. Не ведалі нічога небаракі-будаўнікі рымскага Моста Фабрыцыя ў 62 годзе да нашае эры пра складаныя рэльефы Беларусі і няякасную савецкую арматуру. Але гэта ім не перашкодзіла пабудаваць мост, які дзейнічае дагэтуль.

А вось мясцовыя ўлады Рагачоўшчыны вырашылі не чакаць, пакуль разбурыцца мост, праз які ідзе траса ў Магілёў. Яны яго падлаталі. Відаць, да лепшых часоў. Пакуль грошы на капітальны рамонт не з’явяцца. Як? Узялі проста і падпёрлі. І не абы-чым! А драўлянымі шпаламі. Вітаем цябе, 21 стагоддзе. Шпалы, якімі падпёрлі мост, – гэта прарыў. Мясцовыя ўлады і спецыялісты супакойваюць, што пагрозы абвалу няма. Канешне, няма, калі мост падпёрлі шпаламі. Шпалы – гэта нашае ўсё. Проста ўніверсальная рэч: іх і пад цягнік, і пад мост можна пакласці. Ды куды заўгодна можна выкарыстаць. Яшчэ троху і стануць выкарыстоўваць шпалы  пры будаўніцтве мастоў. Вось тады старажытныя рымляне нам пазайздросцяць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ