Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі правядзе сёння экстраннае пасяджэнне



Прэзідэнт рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) склікаў 27 мая экстраннае пасяджэнне для абмеркавання сітуацыі з пасадкай самалёта Ryanair у Менску, паведамляецца на старонцы арганізацыі ў „Твітэры”.

Адзначаецца, што ICAO „атрымала сотні электронных лістоў і паведамленняў аб нядаўніх падзеях у Беларусі”.

На экстранным пасяджэнні рады ICAO „акрамя 36 нацыянальных прадстаўнікоў рады таксама будуць прысутнічаць афіцыйныя асобы з Беларусі, Ірландыі, Літвы і Польшчы, якія пазначаць пытанні першачарговай важнасці і тое, што выклікае неспакой”.

У яшчэ адным паведамленні арганізацыі гаворыцца: „Мы хочам нагадаць тым, хто патрабаваў, каб мы распачалі карныя меры ў дачыненні да гэтай краіны, што нашаму агенцтву ніколі не адводзілася такая роля або магчымасць. Наша асноўная функцыя заключаецца ў тым, каб дапамагчы краінам супрацоўнічаць адна з адной на дыпламатычнай аснове па прыярытэтах міжнароднай авіяцыі”.

Удзень 23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік ВПС Беларусі МіГ-29.

Пазней паведамленне пра бомбу не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт на яго выдачу. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

БелаПАН