У Бярозе чарговы раз судзяць Уладзіміра Зубрыцкага



У Бярозаўскім раённым судзе чарговы раз судзяць грамадскага актывіста Уладзіміра Зубрыцкага з Белаазёрску.

Ен абвінавачваецца ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве. А мерапрыемствам стаў здымак у інтэрнэце да 9 траўня. На здымку зарэтушаваныя людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі на ўскрайку ляснога масіва.  Надпісы на здымку: “Верым, можам, пераможам!”. А пад здымкам словы: “Перамаглі фашызм – пераможам і лукашызм!” Крамольныя сцягі і асабліва надпіс прыцягнулі ўвагу начальніка аховы правапарадку Бярозаўскага РАУС Мікалая Пракурата:

– Мною быў выяўлены фотаздымак з выяваю некалькіх сцягоў бел-чырвона-белых, у тым ліку з выяваю Герба “Пагоня” і надпісам, які разглядаецца ў складзе адміністрацыйнага правапарушэння.

Па словах сябра праваабарончага Цэнтра “Вясна” Сержука Русецкага, Зубрыцкага прызначылі вінаватым, таму што ён раней па гэтым артыкуле прыцягваўся 6 разоў:

– Чарговы раз спрабуюць прыцягнуць да адказнасці грамадскіх актывістаў, якія раней былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Узлесак не з’яўляецца грамадскім месцам, то, адпаведна, няма ніякага пікетавання і не трэба прасіць на яго дазвол.

Доказам “віны” Зубрыцкага паслужыў данос аператыўнай асобы, якую назваць не могуць. Але гэта супярэчыць Адміністрацыйнаму кодэксу, як заўважыла адвакатка Уладзіміра Зубрыцкага. Паколькі ні самім Пракуратам, ні супрацоўнікам крымінальнага вышуку Ягорам Болдыравым, ні ўчастковым Мікалаем Вайтовічам не было прадстаўлена ніводнага доказу, суд працягнецца 31 траўня.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя