Пра шкодныя парады беларускім пратэстоўцам



Чым далей па часе ад падзей жніўня-верасня 2020 года, калі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзілі сотні тысяч чалавек, тым болей з’яўляецца ахвочых “павучыць” прыхільнікаў пераменаў эфектыўным метадам пратэсту. Асабліва часта крытыка беларускага мірнага супраціву гучыць з вуснаў некаторых украінскіх актывістаў і журналістаў, якія пішуць пра “інфантыльных ружовых поні, якія носяць кветкі сваім забойцам”. Беларусам закідаюць у асноўным дзве правіны: адсутнасць рашучасці і нежаданне вучыцца на чужых памылках. Разбяром падрабязна гэтыя дзве прэтэнзіі.

У разуменні “экспертаў” “адсутнасць рашучасці”, якой папракаюць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі, – гэта адмова ад радыкальных метадаў супрацьстаяння, гвалту, кактэйляў “Молатава” і гд. Такія “эксперты” насамрэч кепска вывучалі матчастку. У першыя дні пратэстаў у некаторых гарадах краіны насамрэч мелі месца лакальныя сутычкі абураных грамадзянаў з уладаахоўнікамі. Хай яны не насілі брутальнага характару, але сітуацыя спынілася ў адным кроку ад таго, калі дзяржава страчвае манаполію на гвалт. “Вайны ўсіх супраць усіх” удалося пазбегнуць не дзякуючы высілкам “бравых сілавікоў”, а нечакана магутнаму руху жанчын, якія 14 жніўня выйшлі на вуліцы ў белым адзенні і з плакатамі супраць гвалту. З таго моманту беларускі пратэст набыў выключна мірны характар, а прыхільнікі вырашаць пытанні сілай аказаліся ў меншасці. І праз 9 месяцаў пасля пачатку масавых выступаў не суціхаюць дыскусіі адносна таго, ці не памыліліся беларусы, калі зрабілі стаўку на мірныя пераўтварэнні. Аднак апалагеты радыкалізму, якія, праўда, жывуць у асноўным за межамі краіны, так і не прывялі пераканаўчых аргументаў на карысць таго, як бяззбройныя пратэстоўцы, многія з якіх не да канца разумелі прыроду беларускай аўтакратыі, маглі перамагчы матываваных і ўзброеных да зубоў сілавікоў? І, самае галоўнае, колькі б жыццяў страцілі беларусы ў выпадку развіцця сілавога сцэнара ў 2020 годзе? Думаецца, лік ахвяр мог бы ісці на тысячы…

Адносна “нежадання вучыцца на чужых памылках” хочацца зазначыць адно. Беларусы, калі адмовіліся ад радыкалізму ў жніўні 2020 года, якраз зрабілі выснову з украінскіх падзей 2014 году. Еўрамайдан перамог, але коштам страты Крыму і часткі Данбасу, дзясяткаў тысячаў жыццяў і паўтара мільёна ўцекачоў. Поўны паралюш дзяржаўнай сістэмы ў жніўні 2020-га прывёў бы да таго, што беларусам давялося б мець справы не толькі з уласным рэжымам, але і з вайсковым умяшальніцтвам РФ. А да такога развіцця падзей большасць пратэстоўцаў была яўна не гатовая. Многія апаненты ўлады тады яшчэ па сваёй наіўнасці бачылі ў Крамлі імавернага саюзніка, чаго цяпер няма. Мірны пратэст, які быў пазбаўлены антырасейскага зместу і не меў геапалітычнай павесткі, не заручыўся сімпатыямі Масквы. Пасля фактычнай падтрымкі Пуціным улады Беларусі ў вачах многіх пратэстоўцаў канчаткова разбурыўся міф пра сяброўскае стаўленне Крамля да беларускага народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ