Абвешчана найлепшая паэтычная кніга 2020-га года



Найлепшай паэтычнай кнігай на беларускай мове 2020-га года стаў зборнік вершаў Алесі Башарымавай “Расамаха”.

Алеся Башарымава – паэтка, перакладчыца. Аўтарка паэтычнага зборніка “Расамаха”. Пераклала са шведскай кнігі Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана, некалькі кніг Тувэ Янсан пра мумітроляў, дзіцячыя кнігі-карцінкі, а таксама шэраг вершаў Эдыт Сёдэргран, Дана Андэрсана, Тумаса Транстромера, зборнік паэзіі Вернэра Аспенстрэма “Літанне”.

У дэбютны зборнік паэзіі Алесі Башарымавай “Расамаха” ўвайшлі выбраныя вершы за 2004-2018 гады. Паэтка так апісвае сваю кнігу: “Расамаха” – кніга вечнай стомы і руху, бегу праз лясы і балоты, шуканняў у краявідах. Кніга слядоў, якімі можаце прайсці і вы”.

Набыць кнігу Алесі Башарымавай можна ў “Акадэмкнізе” (пр. Незалежнасці, 72), а таксама ў інтэрнэт-кнігарні kniganosha.by.

Паслухаць вершы ў выкананні аўтаркі можна ў праекце “Аўдыятэка”.

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Фота: pen-centre.by