Да чаго прывядуць санкцыі ЕЗ?



Перахоп і пасадка еўрапейскага грамадзянскага самалёту дзеля арышту апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча падштурхнулі  ўлады дэмакратычнага Захаду да больш жорсткіх санкцыяў. Ужо абмяжоўваюцца палёты беларускіх самалётаў у Еўропу, а еўрапейскія лайнеры абмінаюць Беларусь. Агучваюцца далейшыя санкцыйныя планы. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці ацэньваюць іх па-рознаму.

Так, па меркаванні грамадскага актывіста, сябра прафсаюзу РЭП Вацлава Арэшкі, гэтыя санкцыі мала паўплываюць на Лукшэнку і палітыку беларускага рэжыму:

– Ён ужо ў той стадыі, калі рэакцыі знешняга свету па-сутнасці для яго не існуе. Горш тое, што гэта ўсё больш яго замыкае на адносінах з Расеяй. Два рэжымы засталіся ў нявольных абдымках. І для нас у гэтым нічога добрага няма: ні для краіны, ні для людзей.

Нельга апраўдаць прымусовую пасадку мірнага самалёту, якую можна параўнаць з паветраным злачынствам. Але трэба разумець, что закрыванне Беларусі адаб’ецца і  на жыцці грамадзянаў, і на дэмакратычным руху, абарве шмат якія кантакты і мы ўсе апынемся за жалезнай завесай, – кажа Вацлаў Арэшка.

А вось сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання Павел Знавец лічыць, што дэмакратычны Захад упершыню пачаў рабіць сур’ёзныя крокі супраць беларускага дыктатара:

– Упершыню санкцыі, а не візавыя абмежаванні для асобных чыноўнікаў. Я заўжды выступаў вельмі жорсткім прыхільнікам канкрэтных эканамічных санкцыяў. Дагэтуль санкцый не было – былі камарыныя ўкусы. І гэта толькі першы маленькі крок. Трэба ўвесці наземныя, чыгуначныя, усё ізаляваць.

І тады рэжым рухне не больш чым праз месяц, – лічыць Павел Знавец 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org і REUTERS