Агляд прэсы: нязручны баланс



Сусветныя СМІ працягваюць разважаць, як рэагаваць на перахоп самалёта Беларуссю. Блізкі Усход: спыненне агню дасягнута – што цяпер? Смерць Джорджа Флойда: што засталося ад пратэстаў? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 Грэцкая газета Kathimerini, каментуючы рэакцыю Еўропы на беларускага дыктатара, з расчараваннем адзначае:

«Еўропа ўвяла ўжо нямала санкцый – але зусім не такіх, якія сапраўды спалохалі б самотнага дыктатара, акапацца ў Менску. Напрошваецца пытанне, чаго ж чакае ЕЗ – у сітуацыі, калі многія сілы на перыферыі Еўропы не толькі ставяць пад пытанне статус-кво, які склаўся, але і не супраць змяніць яго сілай. Чаго ж чакае Еўропа – прыбыцця трансатлантычнай кавалерыі? Асабістага прыходу на дапамогу дзядзькі Сэма? Падобны падыход не толькі састарэў, але і, магчыма, выстаўляе ў праўдзівым святле рэальную «моц» Еўропы, якую ігнаруе нават Лукашэнка».

Дзяржсакратар ЗША Блінкен наведаў Ерусалім і Рамалу для таго, каб сустрэцца з прадстаўнікамі ізраільскага і палестынскага бакоў. ЗША маюць намер прыняць удзел у аднаўленні сектара Газа, і пры гэтым накіраваць паток выдзеленых сродкаў у абыход ХАМАСу. Спыненне агню, аб якім дамовіліся Ізраіль і ХАМАС, пакуль што застаецца ў сіле, аднак, як адзначае прэса, гэта наўрад ці сведчыць аб пачатку панавання трывалага міру.

«Рэальнага рашэння канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі чакаць не даводзіцца», – такое меркаванне выказвае румынскі штотыднёвік Revista 22.

«Канфлікт таксама паказаў нам, што палесціна-ізраільскае пытанне мала цікавіць міжнародную супольнасць. Калі мы зірнём на карту, то пераканаемся ў тым, што рашэнне дзвюх дзяржаваў для двух народаў больш немагчыма. Гэта адна з прычын таго, чаму моцныя дзяржавы, у першую чаргу ЗША, засяроджваюць свае намаганні выключна на спыненне баявых дзеянняў, не жадаючы вырашаць асноўную праблему. Байдэн выдатна дасведчаны пра перашкоды, з якімі ў свой час сутыкнуўся Барак Абама, і, паколькі ў Байдэна, верагодна, наперадзе ўсяго толькі адзін прэзідэнцкі тэрмін, ён не возьмецца за такую бесперспектыўную задачу», – прагназуе румынскае выданне.

Гібель афраамерыканца Джорджа Флойда ад рук белага паліцэйскага, якая адбылася 25 траўня 2020 года ў Мінеапалісе, шакавала ўвесь свет. У многіх краінах прайшлі дэманстрацыі супраць расізму і з патрабаваннем раўнапраўя. Праз год пасля вядомых падзей, прэса падводзіць вынікі, і прыходзіць да несуцяшальных высноваў.

«Мяркуючы па ўсім, падтрымка руху «Жыццё чорных важней» пайшла на спад», – да такой высновы прыходзіць французская газета Le Monde.

«Нягледзячы на абвінавальны прысуд, вынесены Дэрэку Шовіну, сёння толькі 36 адсоткаў амерыканцаў лічаць, што смерць Джорджа Флойда адбылася ў выніку «забойства».  Яшчэ год таму так лічыла ўдвая больш апытаных. Доля тых, хто лічыць, што адносіны паміж чарнаскурымі і белымі пагоршыліся, амаль у чатыры разы перавышае адсотак тых, хто мяркуе, што адносіны гэтыя палепшыліся. Амерыканскае грамадства ўсё яшчэ знаходзіцца ў пошуку рашэння, якое дазволіла б пераадолець няроўнасць, абумоўленую расізмам. Як уяўляецца, мэта па-ранейшаму недасяжная», – піша французскае выданне.

Улады еўрапейскіх краін сутыкаюцца з новай праблемай: далёка не ўсе жыхары імкнуцца атрымаць прышчэпку, хаця і могуць гэта зрабіць. У Даніі органы аховы здароўя апублікавалі інфармацыйную брашуру, распрацаваную сумесна з мусульманскімі арганізацыямі. На гэты крок іх падштурхнуў той факт, што ў раёнах з высокай доляй мусульманскага насельніцтва кампанія па тэставанню і вакцынацыі праходзіць са скрыпам. Мясцовая прэса, аднак, не ў захапленні ад ініцыятывы ўладаў.

Дацкая газета Jydske Vestkysten лічыць дадзеную ініцыятыву памылковай:

«Калі дзяржаўная ўстанова публікуе брашуру пад назвай «Іслам і вакцынацыя ад Covid-19: пытанні і адказы», то гэта выглядае так, як быццам дзяржава пала на калені перад рэлігіяй. Хоць бы таму, што многія з паслядоўнікаў ісламу ставяць сваю рэлігію нашмат вышэй дацкай дэмакратыі і дацкай дзяржавы. І падобнае стаўленне падобна да атруты для дзеючай дэмакратыі. Выбраныя намі палітыкі і службовыя асобы з’яўляюцца вышэйшымі аўтарытэтамі ў дацкім грамадстве. Калі ж органы аховы здароўя спрабуюць выбудаваць гэтак спецыфічныя формы супрацоўніцтва, то карціна размываецца».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка