3 гады “хіміі”. Выхавацельку дзіцячага садка абвінавацілі ў гвалце над міліцыянтамі



Тры гады “хіміі” прысудзіў Таццяне Туравец суд Віцебскага раёну. Паводле міліцыянтаў, уначы з 9 на 10 лютага жанчына не дазваляла правесці ператрус у яе доме – выпіхвала за дзверы, абражала, пагражала фізічнай расправай, абражала, аднаго з іх нават укусіла. Пракурор Мікіта Раманоўскі прасіў пакараць Таццяну Туравец трыма гадамі калоніі, суддзя Наталля Траццякова вынесла крыху мякчэйшы вырак – тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Таксама яна павінна выплаціць аднаму з міліцыянтаў кампенсацыю за падраную пальчатку у памеры 16 рублёў 15 капеек і судовыя выдаткі.

Падчас судовага працэсу падсудная даводзіла, што міліцыянты не назвалі сябе, не паказалі дакументы, падманулі, сказаўшы, што яе малодшая дачка Ангеліна затрымана па “наркатычным артыкуле”. І што яна мусіла бараніцца, не маючы намераў прычыніць шкоду. На абвяшчэнне прысуду жанчына не прыйшла, і старэйшая дачка Соф’я, якая прыехала з Менску, вельмі трывожыцца за лёс маці:

– Не ведаю, дзе яна. Да яе дазваніцца не магу. Суд прызначыў тры гады “хіміі” ва ўстанове адкрытага тыпу. І праз нейкі час яе накіруюць у гэты пункт. Мне гэтая сітуацыя падаецца абсурднай. Не ведаю, і ні на адным судзе раней не была, але тое, што адбывалася на гэтым працэсе – не павінна так быць.

Старэйшая дачка Соф’я вельмі спадзяецца, што маці выйдзе на сувязь. Яе малодшая сястра Ангеліна зараз знаходзіцца за кратамі: яе пакаралі як удзельніцу несанкцыянаванага пікета за маску з бел-чырвона-белым малюнкам. У гэтай масцы дзяўчына прыйшла на парад 9-га траўня, яе затрымалі, а пазней асудзілі на 20 сутак арышту. Выйсці на волю яна мае толькі заўтра.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск