Пасыл да грамадзян Расеі: Шлях з Лукашэнкам – гэта шлях на самае дно



Павел Латушка і Валерый Кавалеўскі ад імя дэмакратычных сіл Беларусі звярнуліся да народа і кіраўніцтва Расеі.

«Пасыл да грамадзян Расеі вельмі просты, і ён адрасаваны ў першую чаргу тым, хто зайздросціў беларускай стабільнасці. Парадак у цяперашняй Беларусі – гэта парадак канцэнтрацыйнага лагера для свайго ж народа, у які ператварылася краіна. Адказ на пытанне: «Вы што, хочаце як у Беларусі?» – цяпер відавочны для ўсіх: «Не дай Бог!

Пасыл да кіраўніцтва Расеі таксама вельмі просты. Не верце патугам і абяцанням нелегітымнага узурпатара. Раней ён вас проста падманваў. Зараз ён спрабуе схавацца пад дахам Крамля, мэтанакіравана ўцягваючы вас у акт паветранага тэрарызму і яго наступствы.

Шлях з Лукашэнкам – гэта шлях у нікуды.

Адносіны трэба будаваць не на прынцыпах ўтрыманства і крывадушнасці, а на прынцыпах адкрытага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, – падкрэсліваецца ў звароце.

Сёння Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы на перамовы з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Сёлета гэта ўжо трэці візіт Лукашэнкі ў Расею на перамовы.

Беларускае Радыё Рацыя