У сталічным Сухараве затрымалі трох удзельнікаў лакальнага шэсця



Тры ўдзельнікі лакальнага шэсця  якое прайшло 26 траўня ў менскім мікрараёне Сухарава ў падтрымку палітвязняў, прызнаныя вінаватымі па арт. 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і арыштаваныя на тэрмін ад 10 да 15 сутак. Пра гэта паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”. Адміністрацыйныя справы разгледзеў 28 траўня суд Фрунзенскага раёна.

Яшчэ адна сведка шэсця, якая здымала яго з акна сваёй кватэры, прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў акцыі і аштрафаваная на 200 базавых велічынь (ці 5800 рублёў).

Акцыя сабрала каля 30 чалавек. На наступны дзень пасля яе правядзення, па звестках праваабаронцаў, дадому да некаторых яе верагодных удзельнікаў прыйшлі супрацоўнікі сілавых структур, якія аглядалі жыллё і канфіскоўвалі тэхніку і сімволіку.

У адным выпадку для пранікнення ў кватэру былі выбітыя ўваходныя дзверы.

Беларускае Радыё Рацыя