Паэту Юры Карэйву споўнілася б 60 гадоў
Паэту Юры Карэйву 29 траўня споўнілася б 60 гадоў. На жаль, ён не дажыў да гэтага дня, творцы не стала 5 студзеня гэтага года.
Юры Карэйва нарадзіўся 29 траўня 1961 года ў Лідзе. Скончыў СШ №4 (1978 г.) і філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1995 г.). Працаваў выкладчыкам у Гародні ў СШ №26 і 18. Навучаўся пры касцёле Святога Духа ў Вільні, а потым вучыўся ў Маскве ў Сучасным Гуманітарным Універсітэце на юрыдычным факультэце.
З вершамі Юры Карэйва выступаў у многіх агульнабеларускіх выданнях. Быў рэдактарам альманахаў „Ад лідскіх муроў” (№4, №5). Аўтар зборнікаў вершаў „Краявід” і „З разбітае ліры”. Напісана ім і не выдадзена сотні паэтычных твораў.
Калі Юры Карэйва вучыўся ў Гарадзенскім універсітэце, ён быў адным з актыўных сяброў універсітэцкага літаб’яднання “Наднёманскія галасы”, яго вершы з задавальненнем друкавалі розныя беларускія выданні. Паэтычныя радкі паэта адрозніваліся ад іншых сваёй філасофічнай афарбоўкай і роздумам пра жыццё:
Гляньце ж, вы, – ад народзін да крыжа
Шлях ваш – церні ды ў цемры знічы…
Дык ці ж хочаце, хто яшчэ выжыў Заставацца навечна з нічым?..
Юры Карэйву пахавалі ў Лідзе на гарадскіх могілках “Зосіна-2”.
Беларускае Радыё Рацыя