Рамана Пратасевіча перавялі ў СІЗА КДБ



Рамана Пратасевіча перавялі ў СІЗА КДБ, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

У сястры Пратасевіча прынялі першую перадачу для яго, аднак забралі адтуль кнігу.

Як паведамлялася, затрыманая разам з Пратасевічам яго сяброўка Сафія Сапега таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Журналіст і актывіст Раман Пратасевіч, які апошнім часам жыў у Польшчы і Літве, і яго сяброўка Сафія Сапега былі затрыманыя беларускімі ўладамі 23 траўня пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. На радзіме Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук і ўнесены ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Беларускія праваабаронцы прызналі Пратасевіча палітвязнем.

У сувязі з інцыдэнтам Еўразвяз абвясціў пра падрыхтоўку сектаральных санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска, практычна спыненыя авіязносіны.

belapan.by