Амерыканка, якая фатаграфавала Слонім



У аўторак, 9 кастрычніка 1934 года, у Слонім на аўтамабілі “Пакард” з боку Баранавічаў прыехала амерыканка Луіза Арнэр Бойд (1887 — 1972). Адна з самых багатых жанчын ЗША была вядомай падарожніцай — даследавала Арктыку, Грэнландыю.

Дагэтуль невядома, хто ёй распавёў пра Палессе. Ці яна пра яго дзесьці прачытала? У любым разе Бойд захапілася ідэяй там пабываць. У 1934-м падарожніца як сябра Амерыканскага геаграфічнага таварыства ўдзельнічала ў міжнародным кангрэсе географаў у Варшаве. Гэта была выдатная магчымасць для вандроўкі на Палессе. З дапамогай польскіх навукоўцаў Луіза Бойд спланавала маршрут — праз Заходнюю Украіну на поўнач — да Брэста, Піншчыны, а далей — у Бярозу, Ганцавічы, Клецк, Нясвіж, адтуль — на Слонімшчыну і ў Ружаны, Беласток, Гродна, у былую сталіцу ВКЛ – Вільню…

Шосты нумар краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край” цалкам прысвечаны амерыканцы Луізе Бойд і яе вандроўцы ў 1934 годзе на Слонімшчыне. Выданне публікуе шмат рэдкіх здымкаў Слоніма, Жыровіч, Косава, фотаздымкі тутэйшага люду, а таксама здымкі Слонімскага рынку. Пра ўсё гэта чытачы даведаюцца са свежага выпуску “Слонімскага краю”, які можна прачытаць тут. Там можна прачытаць і ранейшыя выпускі “Слонімскага краю”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя