Ад Нясвіжа да Грунвальда
У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку асобнай кнігай паэма “Ад Нясвіжа да Грунвальда”. Аўтар паэмы паэтка Зоя Капуста (Кулік) з Нясвіжа.
Паэма прысвечана Грунвальдскай бітве. У ёй аўтарка рознымі мастацкімі сродкамі стварыла вобразы свайго далёка продка Капусты, які браў удзел у бітве, вобразы Міндоўга, Вітаўта, Гедыміна, Кейстута, Ягайлы, Юрыя Нясвіжскага, Пётра Мсціслаўскага і іншых асобаў Вялікага Княства Літоўскага.
У прадмове да кнігі сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з Баранавіч Таццяна Яцук адзначыла, што “ў аснове паэмы ляжаць канкрэтныя гістарычныя факты. Таму твор выклікае цікавасць да сябе. Пачынаецца паэма з аповеда пра гісторыю заснавання горада Нясвіжа, а заканчваецца апісаннем лёсавызначальнай Грунвальдскай бітвы, якая пазбавіла заходнія землі ад рабаўніцтва і спусташальнасці іх крыжакамі”.
Паэма “Ад Нясвіжа да Грунвальда”, сапраўды, заслугоўвае ўвагі, як з боку літаратараў, так і з боку гісторыкаў і краязнаўцаў. Верыцца, што яна годна папоўніць новую старонку па вывучэнні нашай гісторыі пачатку ХV стагоддзя.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя