Ліст да Вітольда Ашурка



Прывітанне, дарагі Вітольд!

Я быў у ад’ездзе, калі прыйшоў ад цябе ліст з месца твайго зняволення. Мне паведамілі пра тое па тэлефоне. Я падумаў, што адпішу табе адразу як вярнуся дахаты. Я заўсёды адказваю на лісты. Ты ж ведаеш.

А пасля прыйшла жудасная трагічная навіна пра тое, што смерць забрала цябе у Шклоўскай калоніі, дзе ты адбываў няволю. Цяжка было ў тое паверыць. Цяжка было па вяртанні дахаты адчыніць твой апошні ліст ужо пасля таго, як не стала таго, хто яго напісаў. Цяжка адпісваць на той ліст, бо сэрца абліваецца крывёй і мае ўжо не маладыя вочы, якія пабачылі многа чаго ў жыцці, наліваюцца слязамі як у маленечкага дашкаляці. Але я мушу адпісаць на твой ліст. Я заўсёды адказваю на лісты. Ты ж ведаеш.

Зараз гляджу на твой прыгожы почырк, на гэтыя старанна і з павагай да чытача выведзеныя літары і ўспамінаю, што ты і сам быў такі ж шляхетны, годны, прыстойны, заўсёды ставіўся з павагай да суразмоўцы, да кожнага чалавека… Культурны, сціплы, з арыстакратычнымі паводзінамі, якія былі ў тваёй крыві, у генах, у манерах… Заўсёды акуратны, статны, праўдзівы, стойкі, смелы…

У мяне то почырк паганы, таму я табе заўсёды пісаў на кампутары, каб лягчэй чыталася. Я так пісаў і Алесю Бяляцкаму ў турму, і Паўлу Севярынцу, і іншым палітвязням. Бо ведаю, што такім людзям шмат суайчыннікаў пішуць, і лепш, калі чытаецца лёгка.

Дарэчы, ад Паўла Севярынца ліст да мяне прыйшоў амаль адначасна з тваім. Мы з ім гэтак жа, як і з табой, часта разважаем пра непарыўнасць беларускай місіі ў вечнасці і пра адраджэнне беларускасці і нашай нацыі. І ведаеш, я хачу падзяліцца з табой некаторымі яго падлікамі. Табе гэта будзе вельмі цікава. Павал паведамляе пра вынікі своеасаблівай статыстыкі, падлічанай ім ад атрыманых у зняволенні лістоў. 71 адсотак – гэта беларускамоўныя лісты. Раней гэты адсотак быў меншы. А самы вялікі працэнт беларускамоўных лістоў прыходзіць акурат з тваёй любай Гарадзеншчыны. 82 адсоткі. Амаль усе! Вось, Вітольд, гэта і ёсць адзін з вынікаў тваёй працы на ніве Беларускага Адраджэння. Твае высілкі не прапалі дарма. І не толькі ў гэтым кірунку.

Ты пішаш, што цябе вельмі ўражвае повязь пакаленняў, калі нашы продкі, мы і нашы нашчадкі ёсць адзінай нацыяй, якая існуе па-за межамі лінейнага часу. Ты сцвярджаеш у сваім лісце так: “…Калі мы існуём у мінулым часе, сёння і ў будучыні, то мы практычна бессмяротныя! Ад гэтай думкі проста немагчыма пазбавіцца! Гэты містычны ланцужок з мінулага ў будучыню зараз трымаем у сваіх руках мы, і на нас ляжыць адказнасць за тое, што мы перадамо ў спадчыну нашчадкам!…”

Дарагі сябра! Ты з годнасцю перадаў нашчадкам усю вялікую спадчыну нашых продкаў. Цябе, Вітольд, нашы славутыя продкі выбралі для гэтай місіі, бо ведалі, што ты не падвядзеш. І ты не падвёў. Тваё Імя ўжо стала сімвалам для беларускіх патрыётаў. Для людзей, што ідуць шляхамі праўды і справядлівасці. Неўзабаве тваім Імем будуць названыя вуліцы ў розных гарадах нашай краіны па якіх табе давялося прайсціся, і не толькі яны, а людзі будуць прыносіць кветкі да выбітага ў золаце твайго Прозвішча. Нашчадкі будуць ганарыцца тым, што ў нашым народзе нараджаюцца такія Людзі як ты. Так, як і ты ўсё жыццё ганарыўся сваім Народам, яго лепшымі дочкамі і сынамі.

Ты і сам згадваеш пра веліч свайго народу ў гэтым лісце. Ты сцвярджаеш: “…Гэта натхняе! Гэта абуджае ў нас ўсё самае светлае і дае надзею, што мы выканаем тое, што нам наканавана лёсам – мы Пераможам!…”

І яшчэ ты самаахвярна напісаў: “…Ведаеш, шаноўны сябра, у параўнанні з гэтым лёсавызначальным працэсам, маё становішча зараз не мае істотнага значэння”…

Дарагі сябра. Гэтыя словы ўсё гавораць пра цябе. Свет, які ад іх зыходзіць, застаўся тут. А ты пайшоў у іншы Свет, куды некалі прыйдуць усе. Там няма канкрэтнага адрасу, як на Зямлі. Таму гэты ліст я адпраўляю табе праз сваю любімую газету. Яна заўсёды выходзіла па-беларуску, таму ўпэўнены, што ты і Адтуль заўважыш і яе, і гэты ліст.

Заканчваю так, як і ты заканчваў кожны свой ліст да мяне. Думаю, што і не толькі да мяне. Словамі – “Жыве Беларусь!!!”

З павагай да цябе,

Віктар Сазонаў

    

   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ