Рэдактара спецпраектаў партала Hrodna.life Ірыну Новік змясцілі ў ІЧУ да суда (абноўлена)



Рэдактара спецпраектаў партала Hrodna.life Ірыну Новік змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), спасылаючыся на інфармацыю ад галоўнага рэдактара партала Аляксея Шоты.

Суд адбудзецца 2 або 3 чэрвеня. „Ірыну будуць судзіць як фізічную асобу паводле арт 19.11 КоАП „Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць”, — піша БАЖ.

Як паведамлялася, раніцай 1 чэрвеня Ірына прыйшла ў аддзяленне міліцыі па выкліку ўчастковага, дзе яе і затрымалі.

30 мая быў затрыманы Аляксей Шота. На яго таксама склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У кватэры, дзе прапісаны Шота, правялі агляд. Канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, тры старыя жорсткія дыскі і чырвона-белы парасон. Тым жа вечарам да дома Новік прыязджала міліцыя, падзяжурыла там некаторы час і з’ехала.

Паводле сцвярджэння міліцыі, падчас маніторынгу інтэрнэту супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Гродна выяўлены факт размяшчэння сайтам Hrodna.life інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай.

26 красавіка Гродзенскі абласны суд пакінуў у сіле штраф, накладзены на рэдакцыю партала Hrodna.life (400 базавых велічынь, 11.600 рублёў) і Аляксея Шоту (25 б. в., 725 рублёў). Рашэнне аштрафаваць рэдакцыю вынес 19 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна за „распаўсюд інфармацыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” (ч. 2 арт. 17.11 КоАП). На сайце былі выяўленыя тры матэрыялы са спасылкамі на тэлеграм-канал, які беларускія ўлады ў мінулым годзе ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх.

На пасяджэнні райсуда Шота заявіў, што на момант публікацыі тэлеграм-канал яшчэ не быў унесены ў спіс. Акрамя таго, пасля забароны гэтага канала рэдакцыя выдаліла ўсе згадкі пра яго, якія ўдалося знайсці. Свядома, мэтанакіравана і наўмысна гэтыя матэрыялы не распаўсюджваліся, падкрэсліў галоўны рэдактар.

Адвакат Аляксандр Бірылаў адзначыў у судзе, што пасля абнаўлення КоАП не засталося артыкула 17.11 (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), па якім судзілі Шоту.

29 студзеня ў рэдакцыі партала былі канфіскаваныя ноўтбук, фотаапараты, квадракоптар, флэшкі, календары і часопісы, выдадзеныя Hrodna.life.