Сцяпану Латыпаву зрабілі аперацыю. Яго стан здавальняючы (абнаўляецца)



Сцяпану Латыпаву праведзена аперацыя ў Медыцынскім цэнтры на сталічнай вуліцы Сямашка, паведамляе набліжаны да беларускай медычнай супольнасці ТГ-канал «Белыя халаты».

Пашкоджанняў жыццёва важных органаў не выяўлена. Пакуль Сцяпан Латыпаў застаецца пад наркозам на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яго стан здавальняючы, плануецца шпіталізацыя.

***

Надзвычайны інцыдэнт у судзе над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым. Абвінавачаны сказаў свайму бацьку, які даваў пазананні ў якасці сведкі, што супрацоўнікі ГУБАЗіК абяцалі прэс-хату, а потым тое ж самае будзе з яго суседзямі і сваякамі, калі ён не дасць прызнальныя паказанні. Па словах Сцяпана, ён адбыў у так званай прэс-хаце 51 дзень. ПЦ „Вясна” апублікаваў запіс гэтых слоў:

– Абяцаў, калі я не прызнаю віну, мне будзе прэс-хата і крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. Прэс-хата ў мяне была. Так што ты рыхтуйся.

Як піша «Наша ніва», у Сцяпана Латыпава была з сабой папка з дакументамі. Ён дастаў з яе нейкі прадмет, магчыма, асадку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі. Адразу не змаглі адкрыць клетку, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзвярыма. Пакуль адкрылі клетку, Сцяпан ужо страціў прытомнасць. Аўдыёсведчанне з судовае залі і ганку перад судом, якое запісалі прысутныя:

 З будынку суду Сцяпана Латыпава вынеслі на насілках міліцыянты і перадалі хуткай дапамозе. Яго будуць уводзіць у штучную кому.

***

Пасля перапынку суда Сцяпан Латыпаў паспрабаваў перарэзаць сабе горла.

Ён устаў на лаўку ў клетцы, каб не дацягнуліся канваіры, і ўставіў сабе ў горла ручку, паведамляе тэлеграм-канал Вясна / Правы чалавека ў Беларусі.

Перад гэтым ён сказаў: „ГУБАЗ паабяцаў, калі я не прызнаю віну, будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў”.

У Сцяпана Латыпава была з сабой папка з дакументамі. Ён дастаў з яе нейкі прадмет, магчыма, ручку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў сабе штосьці ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым упаў, стаў рэзаць рукі.

Адразу не змаглі адкрыць клетку, бо ў канваіраў не было ключоў. Яны былі ў кагосьці за дзвярыма. Пакуль адкрылі клетку, Сцяпан ужо страціў прытомнасць.