Барыса Хамайду забіралі ў міліцыю, каб даць чарговае папярэджанне



Віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы затрымалі каля так званага “сіняга дома” на вуліцы Леніна, куды штодня выходзіць  Барыс Хамайда.

Спачатку міліцыянты заявілі, што найстарэйшы віцебскі апазіцыянер займаецца незаконным гандлем. Але ў аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна з’явіліся іншыя прэтэнзіі – да бел-чырвона-белага парасона, пад якім зазвычай стаіць Хамайда, і да бел-чырвона-белай стужкі, якой распаўсюднік аздабляе сваё “працоўнае месца”. Распытвалі нават пра надпісы на замежнай мове, распавёў Барыс Хамайда:

– Парасон бел-чырвона-белы, і пытаюцца : “А што гэта за словы напісаны на парасоне?”. Кажу, што нават не ведаю, на якой гэта мове – па-ангельску ці па-французску. Можа, лагатып нейкай фірмы. А яшчэ стужка бел-чырвона-белая… Дык, кажу, калі ўсё гэта незаконна, чаму не забіраеце ні парасон, ні стужку. Некалькі разоў ужо вяртаеце, не забіраеце…

На мінулым тыдні Барыса Хамайду таксама затрымлівалі каля “сіняга дому”, але адпусцілі дахаты без пратаколу. Цяпер таксама пратаколаў не складалі, але зачыталі папярэджанне пра адміністрацыйную адказнасць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Падпісваць яго апазіцыянер адмовіўся. На ягоную думку, апошнім часам яго затрымліваюць не проста так: ён мяркуе, што супраць яго рыхтуюць нейкую справу, каб перапыніць ягоныя выхады ў цэнтр Віцебска з нацыянальнай сімволікай.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск