Вольга Івашына: Не ведаю, што з мужам



Вольга Івашына здолела перадаць свайму мужу, вядомаму журналісту Дзянісу Івашыну, перадачу з прысмакамі і каўбасой у гарадзенскую турму.

Па яе дадзеных, журналіста трымаюць за кратамі як закладніка, ніякія следчыя дзеянні не вядуцца.

– Ніякіх следчых дзеянняў з яго ўдзелам не адбываецца. Прынамсі як я бачу з аплатай паслуг адвакату, ніякіх зменаў. Ён проста сядзіць, яго проста “закрылі”, ад нас забралі.

Па словах Вольгі, на мінулым тыдні ў Дзяніса памёрла бабуля і планавалася, што журналіста адпусцяць на пахаванне, аднак цуда не адбылося.

– Чакалі ўсяго. Быў варыянт, што яго адпусцяць, і што не адпусцяць. У выніку, канешне, ніхто яго не прывёз. Так ён і не даведаўся пра пахаванне бабулі, што яна памерла, пакуль мы яму не паведамілі самі. На дадзены момант ён ужо ведае.

Вольга Івашына паведаміла таксама, што здолела перадаць за краты Дзянісу прыгожыя паштоўкі з відамі Гародні, каб ён пісаў і адказваў на паведамленні сяброў. Сама ж яна ўжо больш месяца не атрымлівала лістоў ад мужа.

Беларускае Радыё Рацыя