Амерыканскія сенатары сустрэліся ў Вільні са Святланай Ціханоўскай



Амерыканскія сенатары сустрэліся ў Вільні з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай і запрасілі яе ў Вашынгтон для выступлення ў сенаце.

Як паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай, сенатары Джын Шахін, Крыс Мэрфі і Роб Портман прыбылі ў Вільню, каб сустрэцца з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і „задэклараваць падтрымку беларускаму народу”. Гадзінная сустрэча прайшла ў віленскім аэрапорце і скончылася сумеснай прэс-канферэнцыяй.

Ціханоўская падзякавала за прыняцце Belarus Democracy Act, які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Яна абмеркавала з сенатарамі атакі на Hrodna.life, tut.by, „Белсат” і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу „Радыё Свабода” і запусціць беларускую рэдакцыю „Голасу Амерыкі”.

Сенатар Шахін падкрэсліла, што ў пытанні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазіцыю і будуць падтрымліваць беларусаў. Портман сказаў, што час заяў мінуў і настаў час рашучых дзеянняў, таму ЗША гатовыя да сектаральных санкцый, каб спыніць беззаконне і самавольства рэжыму. Ціханоўская заявіла, што „цяпер Лукашэнка — пагроза не толькі беларускай, але і міжнароднай бяспецы, і заклікала даць выразны сігнал Расіі, што любыя дамовы, падпісаныя з нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя альбо адмененыя”.

Сенатары запрасілі Ціханоўскую наведаць у чэрвені Вашынгтон і выступіць у камітэце па замежных справах Сената ЗША. Яны таксама абмеркавалі яе магчымы ўдзел у саміце „Вялікай сямёркі”. Ціханоўская адзначыла важнасць сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазіцыю ад беларускіх дэмакратычных сіл да гэтай сустрэчы.

Сустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасля саміту „Вялікай сямёркі” (11—13 чэрвеня, Карбіс-Бэй, паўвостраў Корнуал, Вялікабрытанія), куды гатовая прыехаць і расказаць пра сітуацыю Ціханоўская. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.

Прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі на прэс-канферэнцыі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэневе прэзідэнт ЗША мае намер падняць пытанне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасць амерыканскага боку.

belapan.by

Фота з фэйсбука Францішка Вячоркі