Ці стане забарона на выезд трыгерам для новых пратэстаў



Дзяржпагранкамітэт у афіцыйным тг-канале паведаміў, што наяўнасць часовага віда на жыхарства ў іншай краіне не з’яўляецца падставай для выезду грамадзян за мяжу. Беларуская дзяржава прабіла чарговае дно тым, што брутальна абмежавала адно з падставовых правоў грамадзянаў на свабоднае перасоўванне. Артыкул 30 Канстытуцыі Беларусі прама гаворыць пра тое, што грамадзяне маюць права на бесперашкодны выезд за мяжу і вяртанне ў Беларусь. На фоне інцыдэнта з летаком Ryanair, а таксама крокаў па ўвядзенні падатку на выезд за мяжу на легкавым аўтамабілі гэтая заява памежнікаў – адно з прадказальных дзеянняў па самаізаляцыі цэлай краіны з насельніцтвам амаль у 9,5 мільёнаў.

Яшчэ якія гады два таму абмежаванне на выезд выклікала б сама меней грамадскае абурэнне, што не магла б праігнараваць улада. Ды і не рашыліся б у кіраўніцтве дзяржавы на такую абсурдную забарону. Але ва ўмовах каронавіруснай пандэміі паэтапнае закрыццё краіны прайшло без асаблівых хваляванняў. Прынамсі, так выглядае сітуацыя ў вачах тых, хто прымае рашэнні. У іх карціне свету ўсё выглядае дастаткова просталінейна: “Калі народ не выходзіць на вуліцы ў знак пратэсту, значыць, людзей усё задавальняе.” Больш за тое, улада зрабіла высновы з таго, як прымаць непапулярныя рашэнні, каб пазбегнуць бунту. Гэтаму яе навучыла гісторыя беларускіх пратэстаў кшталту акцыі “Стоп, Бензін!”

Калі паглядзець, як у Беларусі падвышаецца па адной капейцы цана на паліва, то становіцца зразумелым прынцып прыняцця рашэнняў ва ўладзе. Аднак хітрыя схемы па падвышэнні цэнаў на паліва, у выніку чаго кіроўцы пачынаюць задумвацца пра мэтазгоднасць паездак на ўласным аўтамабілі, – гэта не тое ж самае, як пераўтварэнне цэлай краіны ў аналаг Кубы пасярод Еўропы. Хоць на дадзены момант пратэстаў супраць незаконных дзеянняў ураду з боку беларусаў няма, гэта не азначае, што іх не будзе ў бліжэйшай перспектыве. З адкрыццём межаў ва ўсім свеце і зняццем каронавірусных абмежаванняў беларусы непазбежна пачнуць супраціўляцца мерам па абмежаванні іх права на выезд з краіны. Улада, сваёй чаргой, не знойдзе аргументаў, каб пераканаць народ у сваім праве на закрыццё межаў, паколькі ніхто ў сур’ёз не верыць у тое, што межы закрываюцца па прычыне супрацьковідных мераў. Дастаткова толькі прааналізаваць дадзеныя па тэмпах вакцынацыі насельніцтва, становіцца зразумелым, як дзяржава насамрэч ставіцца да гэтай праблемы. Беларусь, згодна адкрытым дадзеным, пляцецца ў хвасце еўрапейскіх краінаў па колькасці вакцынаваных грамадзянаў. Адпаведна, мера па закрыцці межаў мае выключна палітычную прыроду. Гэта значыць, змаганне за вяртанне права беларусаў на свабоду перамяшчэння з’яўляецца адным з найбольш перспектыўных накірункаў працы. У гэтым плане для прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, а таксама для беларусаў унутры краіны, якія прэтэндуюць на лідарства, ёсць цудоўны козыр для мабілізацыі грамадзянаў на паспяховы і маштабны пратэст.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ